16.03.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Магілёве затрымалі кандыдата біялагічных навук Наталлю Мартусевіч

Наталлі Мартусевіч 47 гадоў і яна з Магілёва. З 2004 года Наталля працуе дацэнтам ва ўніверсітэце, які яна скончыла і больш за 15 гадоў не толькі займаецца навукай, але і выкладае студэнтам.

Відэа з жанчынай выйшла на днях на канале магілёўскага ГУБАЗіК. Там яна кажа, што "пісала ў экстрэмісцкіх чатах" і "зарэгістравалася ў плане "Перамога". Праўда, мяркуючы па скрыншотах, у фэйкавым "плане "Перамога". ГУБАЗіК пагражае ёй крымінальнай справай і заключэннем пад варту.

У Гарадку быў затрыманы сябра ЦРК БСДП Лявон Гаравы

Да суда, які павінен адбыцца 16 cакавіка, ён змешчаны ў ізалятар. Вядома, што дома ў яго адбыўся ператрус.

Вінавацяць мужчыну ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша @BSDP_Hramada.

Праваабаронцу Марфу Рабкову ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ адзінаццаці чалавек.

Марфа Рабкова

Сярод іх Дзмітрый Слук, Аляксандр Мілашэўскі, Вадзім Васільеў, Мікалай Бібліс, Аляксандр Сідарэнка, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Віталь Енаровіч, Аляксандр Сумар.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1037 чалавек, з іх 289 — беларусы.

Галоўны рэдактар газеты "Інфа-Кур'ер" і яго намеснік арыштаваныя на трое сутак

Як стала вядома @bajby, пасля ўчорашняга ператрусу ў рэдакцыі незалежнага слуцкага медыя «Інфа-Кур'ер» галоўны рэдактар і ўладальнік газеты Сяргей Станкевіч, а таксама яго намеснік Алег Рубчэня былі накіраваны ў мясцовы ІЧУ.

БАЖ даведалася, што сілавікі ўчора падчас ператрусу забралі з рэдакцыі ўсю асноўную тэхніку.

Вайскоўца ўтрымліваюць у СІЗА па падазрэнні ў "здрадзе дзяржаве"

Праваабаронцам стала вядома, што з пачатку лютага гэтага году ў СІЗА-1 утрымліваецца намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнік Антон Чарамных.

Па папярэдняй інфармацыі, яго, сярод іншага, абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Абставіны справы невядомыя.

Яшчэ год таму газета «Звязда» рабіла рэпартаж з 120-й механізаванай брыгадай, што дыслакуецца ў мінскім Уруччы, дзе журналісты апытвалі і Антона.

У Глыбокім затрыманы вядомы бодзібілдар Аляксандр Шарабайка 

Пра гэта піша Кастусь Шыталь.

«Аляксандру, акрамя адміністрацыйкі за рэпосты, быццам бы шыюць крыміналку за абразу чалавека, які называе сябе прэзідэнтам. Перадачы ад родных не прымаюць», — піша ён.

Аляксандра затрымалі 13 сакавіка, пазней яму прызначылі 10 сутак арышту.

У мужчыны і ягонай жонкі Алены сілавікі забралі тэлефоны.

Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў саджалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021 яго затрымлівалі на трое сутак «па падазрэнні ў злачынстве».

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні ў Іванаве

Як паведамляе @viasna_brest, у гэты панядзелак, 13 сакавіка, у Іванаве адбываліся масавыя арышты. Затрымана як мінімум 4 чалавекі. Хто быў затрыманы і за што — невядома.

Былому журналісту з Драгічына забаранілі выезд з Беларусі

Беларускія памежнікі паведамілі былому журналісту інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу, што яму забаронены выезд за мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп.

Сёлета Сяргей Гардзіевіч атрымаў візу і ў сакавіку вырашыў з'ездзіць у Літву, аднак паездка атрымалася няўдалай, піша БАЖ.

«Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік», — распавёў Сяргей Гардзіевіч для выдання «Ганцавіцкі час».

Памочнік Мясніковіча Дзмітрый Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Нагадаем, 13 сакавіка некаторыя СМІ паведамлялі, што Дзмітрый знік у Маскве і яго не могуць знайсці тры дні.

Па інфармацыі «Вясны», Дзмітрый быў затрыманы на працы ў Маскве. Як сцвярджаюць нашыя крыніцы, мужчына доўгі час быў звязаны з «ралевікамі» і час ад часу, па магчымасці, прымаў удзел у іх мерапрыемствах — ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманыя па справе дыверсіі ў Мачулішчах.

Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Да траўня 2019 году ён быў намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі.

На Гомельшчыне затрымалі былога палітвязня Раманава, які мае інваліднасць

Аляксея Раманава затрымалі сёння ў Калінкавіцкім раёне. Ён абвясціў галадоўку. Паводле крыніцы, «міліцыянты загадалі яму ўзяць з сабой тэлефон, бо будуць правяраць яго «сувязі з забароненымі ў Беларусі арганізацыямі».

Аляксей Раманаў пасля вызвалення. Фота

Аляксей Раманаў раней адбыў тэрмін зняволення за «абразу Лукашэнкі». Пасля вызвалення ў яго забралі другую групу інваліднасці, хоць ён мае анкалагічнае захворванне. Аляксей ня мог афіцыйна ўладкавацца на працу, яму ўсюды адмаўлялі.

У Гродне затрымалі Кацярыну Шуст — з ёй выйшла беларускамоўнае «пакаяльнае відэа»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхаркі Гродна Кацярыны Шуст. На «пакаяльным відэа» дзяўчына «прызнаецца» ў тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Адзначым, што на «пакаяльным відэа» дзяўчына размаўляе на беларускай мове. Раней былыя вязні распавядалі што сілавікі не дазвалялі запісваць «пакаяльныя відэа» па-беларуску.

ГУБАЗіК затрымаў знаёмых Яўгеніі Тачыцкай, якая нібыта датычная да дыверсіі ў Мачулішчах

На «пакаяльным відэа» Кірыл і Ганна Маліноўскія кажуць амаль слова ў слова адзін і той жа завучаны тэкст пра ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе — нібыта з-за «такіх дэструктыўных элементаў як Ціханоўская, Латушка, Калеснікава і Яўгенія Тачыцкая».

Вядома, што Ганна працуе перакладчыкам у «Беларускай калійнай кампаніі».

Падчасу ператрусу ў Маліноўскіх сілавікі забралі БЧБ-сцягі і БЧБ-майкі, страйкбольную і пнеўматычную стрэльбу, газавы пісталет, жорсткія дыскі.

Затрымалі хлопца, якому закідаюць адміністраванне чата «97% Серабранка»

Затрыманы — 26-гадовы Арцём Караткевіч. Ён родам з Рагачова, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя Сухога на спецыяльнасці «аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў». Некалькі гадоў таму хлопец пераехаў у Мінск, жыў на вуліцы Малініна. Апошнім часам працаваў афіцыянтам.

У відэа сілавікоў ён кажа, што затрыманы «за мадэрацыю чата 97% Серабранка». Губазікаўцы пагражаюць яму крымінальнай справай, піша «Наша Ніва».

 Затрымалі супрацоўніцу «Гейм Стрым»

Праўладныя СМІ паведамілі, што за ахвяраванне ў 425 даляраў у Ксеніі Алькенавай канфіскавалі ўсе заробленыя супольна з мужам, таксама айцішнікам, грошы і тэхніку.

36-гадовая Ксенія Алькенава (у дзявоцтве — Шчурэвіч) доўгі час жыла ў Маскве, там яна пазнаёмілася са сваім мужам Вадзімам Алькенавым. Ксенія працуе ў кампаніі «Гейм Стрым», былым беларускім офісе «Варгеймінга».

Жанчыне закідаюць крымінальны артыкул «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», па якім ёй пагражае да пяці гадоў турмы. Губазікаўцы сцвярджаюць, што яна ахвяравала праз Facebook 9 разоў на агульную суму 425 даляраў. 

У Беразіно ўчора быў затрыманы Алег Бандарчык 

Цяпер ён знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ.

UPD. Учора раніцай у яго дом уварваліся некалькі амапаўцаў пры поўнай экіпіроўцы і са зброяй. Дома знаходзіўся сам затрыманы і два яго сыны. Сілавікі патлумачылі, што ёсць інфармацыя пра тое, што Алег перадаваў камусьці звесткі аб перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі.

Сёння яму прызначылі 15 сутак. У ІЧУ Бярэзінскага РАУС адмаўляюцца даваць родным інфармацыю аб тым па якім артыкуле Бандарчык быў затрыманы і асуджаны.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Расце спіс "тэрарыстаў", шматлікія затрыманні: хроніка пераследу 16 сакавіка Дапоўнена