02.02.2023 Тэгі: праваабаронцы, правы чалавека, салідарнасць, справа Вясны Асобы: Наталля СацункевічНаталля Сацункевіч, Аляксандра Раманцова і Аляксандр Чаркасаў на сустрэчы са Старшынёй Ураду Каталоніі Перэ Араганэсам 30 і 31 студзеня ў Іспаніі прашоў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, прысуджанай у 2022 годзе кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму, украінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод і расійскаму “Мемарыялу”. У мерапрыемствах ад “Вясны” брала ўдзел праваабаронца Наталля Сацункевіч, Цэнтр грамадзянскіх свабод прадстаўляла Аляксандра Раманцова, а ад “Мемарыяла” ўдзельнічаў Аляксандр Чаркасаў.

Падчас паездкі да прадстаўнікоў Нобелеўскіх лаўрэатаў было шмат увагі з боку іспанскіх СМІ, у тым ліку рускамоўных выданняў краіны.

Аляксандра Раманцова, Аляксандр Чаркасаў і Наталля Сацункевіч. Фота: elpais.com
Аляксандра Раманцова, Аляксандр Чаркасаў і Наталля Сацункевіч. Фота: elpais.com

Акрамя шматлікіх інтэрв’ю для прэсы праваабаронцы былі на сустрэчах рознага ўзроўню: са Старшынёй Ураду Каталоніі Перэ Араганэсам, міністэркай замежных спраў Каталоніі Мерытксель Серэт і міністэркай юстыцыі Джэмай Басарт, віцэ-мэрам па пытаннях глабальнай юстыцыі Барселоны Лаурай Перэс, віцэ-прэзідэнткай Урада Альбай Вергес і прадстаўнікамі розных палітычных партый, старшынёй іспанскага парламента Мерытксель Батэт і старшынёй Камітэта па замежных справах Урада Паў Мары-Клазе, а таксама прадстаўнікамі розных НДА і дыяспараў.

Так, у Барселоне праваабаронцы сустракаліся з прадстаўнікамі дыяспар, сярод якія ёсць як тыя, хто жыве ў Каталоніі больш за 20 гадоў, так і тыя, хто прыехаў некалькі месяцаў таму.

"Людзі дзяліліся рознымі гісторыямі, шмат украінскіх уцекачоў. Асобна варта адзначыць арганізацыю Razam, якая з'явілася летам 2020 года і зрабіла вялікую працу па прыцягненні ўвагі і салідарнасці з Беларуссю за мяжой. Удзельнікі арганізацыі і цяпер актыўна ўключаныя ў дапамогу ўкраінскім уцекачам", — падкрэсліла Наталля Сацункевіч.

На сустрэчы са старшынёй Ураду Каталоніі Перэ Араганэсам і міністэркамі Мерытксель Сэрэт і Джэмай Басарт праваабаронцы данеслі інфармацыю аб тых праблемах, якія існуюць з правамі чалавека ў трох краінах, абмеркавалі, што можа зрабіць Каталонія, для таго, каб дапамагчы ў вырашэнні такіх праблемаў.

"Палітыкі на ўсіх узроўнях былі вельмі зацікаўленыя, многія з іх ведаюць тэму Беларусі, сочаць за развіццём сітуацыі ў краіне. Але, вядома, вялікая ўвага прыкаваная да вайны ва Украіне, дзе прама зараз гінуць людзі", — распавяла прадстаўніца "Вясны".

Канферэнцыя Свету, арганізаваная парламентам Каталоніі ў дзень забойства Махатма Гандзі, прыцягнула вялікую ўвагу, зала была запоўненая слухачамі. Наталля Сацункевіч, Саша Раманцова і Аляксандр Чаркасаў распавялі пра сітуацыю ў іх краінах, адказалі на пытанні, падзяліліся думкамі, як можна дапамагчы Украіне, Беларусі і Расеі ў барацьбе з таталітарнымі рэжымамі.

"Маёй галоўнай задачай было расказаць, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, што людзям у Беларусі і тым, хто вымушана пакінуў краіну, патрэбная дапамога, а таксама асаблівая дапамога і салідарнасць патрэбная Алесю Бяляцкаму і іншым зняволеным вясноўцам. Я апісала тыя жудасныя ўмовы, у якіх знаходзяцца нашы калегі ў СІЗА, пра тое, як праходзіць суд над імі, і заклікала ўсіх напісаць ліст або паштоўку салідарнасці", — адзначыла Наталля Сацункевіч.

На сустрэчы са старшынёй іспанскага парламента Мерытксель Батэт, старшынёй Камітэта па замежных справах Урада Паў Мары-Клазе і прадстаўнікамі палітычных партый праваабаронцы даносілі інфармацыю пра сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў трох краінах. Наталля Сацункевіч распавяла парламентарыям пра кампанію сімвалічных “хросных” для беларускіх палітзвязняў, арганізаваную нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco у партнёрстве з "Вясной", і заклікала далучацца да яе. Таксама на сустрэчах абмеркавалі магчымасці дапамогі людзям, што застаюцца ўнутры краіны, і тым, хто быў вымушаны з’ехаць, закранулі і крымінальны пераслед праваабаронцаў у Беларусі.

На мерапрыемстве з генеральным сакратаром Упраўлення юстыцыі Антоніа Дарада праваабаронцы абмеркавалі запыт украінскіх арганізацый аб стварэнні спецыяльнага трыбунала для Пуціна, а Наталля Сацункевіч падкрэсліла, што ў Беларусі дагэтуль не распачатая ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да асобаў, якія маюць дачыненне да катаванняў беларусаў у жніўні 2020 года і ў наступны перыяд. Закраналі і пытанне, як можна ўжыць універсальную юрысдыкцыю, каб дапамагчы ахвярам парушэнняў правоў чалавека.

"Іспанскі ўрад выказвае безумоўную падтрымку нашым краінам і асуджае злачынствы Лукашэнкі і Пуціна.

Прадстаўнікі ўладаў Іспаніі правамерна ганарацца той падтрымкай, якую яны аказваюць Беларусі, Украіне і тым расейцам, якія выступаюць супраць вайны. Адчуваецца, што яны гатовыя слухаць, паляпшаць тое, што дрэнна працуе, адкрытыя да прапаноў", — адзначае праваабаронца "Вясны".

Крыніца: "Іспанскі ўрад выказвае безумоўную падтрымку нашым краінам". Як праходзілі сустрэчы прадстаўнікоў Нобелеўскіх лаўрэатаў у Іспаніі