09.12.2022 Тэгі: перасьлед, затрыманьні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8-9 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Instagram-старонка "Zerkalo_io" прызнаная "экстрэмісцкай"

Адпаведнае рашэнне 1 снежня прыняў суд Лоеўскага раёну Гомельскай вобласці.

Таксама "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызнаная TikTok-старонка "Кастусь Каліноўскі".

ГУБАЗіК затрымаў чатырох адміністратараў чата "Тыповая Серабранка"

Паводле сілавікоў, у дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Былы палітвязень Ілля Міронаў зноў затрыманы

Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння зноў быў затрыманы гамельчук Ілля Міронаў. Гэта здарылася, калі ён пайшоў у РАУС на прафілактычную гутарку. Прычыны пакуль высвятляюцца.

Нагадаем, Іллю ўжо затрымлівалі ў сярэдзіне лістапада. Тады яго адправілі за краты на 5 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

А ў кастрычніку былога палітвязня асудзілі да 1,5 года калоніі па "справе Зельцэра". За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка палітычнага пераследу 8-9 снежня