У сярэдзіне верасня сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацынальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму. Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. "Вясна" распавядае падрабязнасці справы, а юрыст Павел Сапелка каментуе яе. Напрыканцы жніўня на фасадзе 19-павярховага дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску з'явіліся бел-чырвона-белы і блакітна-жоўтыя сцягі. 15 верасня МУС адсправаздачыўся аб затрыманні групы "выканаўцаў пратэснай акцыі". Паведамляецца, што "здалі" іх праз чат-бот "Міліцыя Мінска" «неабыякавыя людзі». Супрацоўнікі затрымалі пяць мінчукоў – жанчын і мужчын ва ўзросце ад 35 да 51 года. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Паведамлялася, што "арганізатарка акцыі [Вікторыя Бакуновіч] кіравала з-за мяжы", каб тая размясціла фота ў "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналах. Затрыманыя на дадзены момант змешчаны пад варту ў жодзінскую турму.

Скрыншот з відэасюжэта МУС
Скрыншот з відэасюжэта МУС

Што здарылася?

МУС апублікаваў "пакаяльнае" відэа з імі, але твары ўсіх трох затрыманых мужчын былі заблюраныя, акрамя дзяўчын Кацярыны Зарэцкай і Вольгі Церах. 

На відэа мужчына з заблюраным тварам кажа, што прымаў удзел у акцыі разам з жонкай.

"Дзяўчына знізу стаяла фатаграфавала", – кажа яшчэ адзін мужчына з заблюраным тварам. 

Таксама ў відэа ўставілі момант затрымання аднаго з фігурантаў: сілавік у цывільным падбег да яго на вуліцы сзаду, ударыў пад калена і зрабіў задушлівы прыём – той паваліўся на зямлю. Да іх падбег яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным і пачалі ўжо ўдвох "круціць" мужчыну. 

Затрыманне аднаго з фігурантаў справы
Затрыманне аднаго з фігурантаў справы

"Вядома, што перад выхадам на так званую справу зламыснікі старанна рыхтаваліся: размяркоўвалі ролі, праводзілі рэкагнасцыроўка, вызначалі месцы здымкі, назіралі за аб'ектамі. З мэтай канспірацыі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і закрыты, як яны думалі, канал сувязі", – каментуе прадстаўнік ведамства.

У прапагандысцкіх СМІ таксама з'явіўся артыкул пра затрыманых. У ім размешчана фота Уладзіміра Лавора, на лбу якога бачацца пашкоджанні.

Уладзімір Лавор
Уладзімір Лавор

У сюжэце прадаставілі аўдыё перамоваў затрыманых. Верагодна, канал у Zello выкарыстоўваўся як сродак сувязі паміж мінчукамі падчас гэтай акцыі. 

*Zello – мабільны дадатак, які дазваляе абменьвацца галасавымі паведамленнямі ў фармаце рацыі. Ім часта карыстаюцца кіроўцы: напрыклад, дальнабойнікі або таксісты.

А прычым тут "экстрэмісцкае фармаванне"?

Праз два тыдні пасля затрымання мінчукоў – 3 кастрычніка – МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello "Xinkalik" з указаннем шасці прозвішчаў яго удзельнікаў і ўдзельніц. Гэта нетыповы выпадак. Упершыню ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі суполку з дадатку Zello. І ўпершыню пры прызнанні "фармавання" (іх на дадзены момант налічваецца ўжо 99) пазначаныя канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў і удзельніц. Цяпер афіцыйна забаронена карыстацца каналам "Xinkalik" у Zello.

"Калі няма за што "пасадзіць" чалавека, то можна стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне"

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка падкрэслівае, што цяпер праваабаронцы ацэньваюць не толькі змест крымінальнага артыкула, але і практыку яго прымянення: 

"Сама па сабе норма аб магчымасці прыцягнення да адказнасці тых, хто стварыў "экстрэмісцкае фармаванне" або ўвайшоў у яго склад у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці ўжо надзвычай спрэчная – існуючыя вызначэння надзвычай шырокія і нявызначаныя. Акрамя таго, прызнанне групы грамадзян "экстрэмісцкім фармаваннем" адбываецца адвольна, адміністрацыйным рашэннем, без неабходнасці публічнай аргументацыі рашэння. І нарэшце, практыка прымянення гэтага артыкула наогул выходзіць за межы разумнага, і праблема тут не столькі ў тым, калі група прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем, а ў тым, што любая агульная прыкмета можа быць адвольна ужытая як вызначальная сутнасць фармавання.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што прыцягненне да адказнасці за сам па сабе факт уваходжання ў "экстрэмісцкае фармаванне" занадта часта становіцца адзінай падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. То бок калі няма за што "пасадзіць" любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне": падпісчыкаў Telegram-канала, аўтараў і чытачоў сайта, прыхільнікаў палітычнай фігуры і так далей. Таму што, вядома, вывешванне сцягоў – гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазіцыі вельмі хацелася".

Як можна падтрымаць палітвязняў?

Усе яны ўтрымліваюцца ў жодзінскай турме. Падтрымаць затрыманых можна лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі і медычнымі бандэролькамі па адрасе: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Кацярына Уладзіміраўна Зарэцкая, Вольга Андрэеўна Церах, Вячаслаў Аляксандравіч Панцюшэнка, Уладзімір Міхайлавіч Лавар, Дзяніс Мікалаевіч Варозаў.

Дадзеныя для электроннага грашовага пераводу:

УНП: 600039282BIC: BAPBBY2XIBAN: BY39BAPB36422180500100000000Код прызначэння плацяжа: 90401

Крыніца: "Так называемая справа". Што вядома пра затрыманых за вывешванне нацыянальных сцягоў Беларусі і Украіны