Ужо год і два месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1. Увесь гэты час іх трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў), але стала вядома, што праваабаронцам змянілі абвінавачванні на больш жорсткія. Цяпер ім пагражае да 12 гадоў зняволення. Стала вядома, што нядаўна крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, меркавана Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча, і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам". Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні. Цяпер іх абвінавачваюць у кандрабандзе (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за неуплату падаткаў, але цяпер дзеянні праваабаронцаў у адносінах да іх вырашылі кваліфікаваць па-іншаму. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае да 12 гадоў зняволення. Іх працягваюць утрымліваць за кратамі.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментуе новыя абвінавачванні калегам:

"Рэжым павышае стаўкі, высоўваючы адно за іншым абвінавачванні, — адно больш недарэчна іншага. Спачатку нашых калегаў пратрымалі ў турме больш за год па абвінавачванні, ад якога нават цяпер, падчас глыбокага прававога крызісу, ім давялося адмовіцца. Але на свет з'явілася новае — больш недарэчнае і больш жорсткае абвінавачванне, якім кваліфікавалі парушэнні пры перамяшчэнні праз мяжу грошай на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і на падтрымку дзейнасці ПЦ "Вясна". Пакідаючы за дужкамі пытанне аб тым, як і наколькі гэта ўсё адпавядае фактам і пацвярджаецца адпаведнымі доказамі, хочацца атрымаць ад уладаў адказ на даўняе пытанне: якім чынам магла выконваць нейкія фармальнасці арганізацыя, адвольна (па высновах Камітэта па правах чалавека ААН) пазбаўленая рэгістрацыі?"

Нагадаем, раніцай 14 ліпеня да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК.

"Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам": за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў

«Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з'яўляецца палітычна матываваным.

Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Крыніца: Кандрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні