Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк 20 верасня асудзіў палітвязня стрыечнага брата палітыка Паўла Латушку Анатоля Латушку да 6 гадоў калоніі і штрафу ў 300 базавых, Алену Маліноўскую — да 4 гадоў калоніі, Лілію Ананян — да 5 гадоў "хатняй хіміі". Агулам іх прызналі вінаватымі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за распаўсюд улётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне "Пагоні", спаленне дзяржаўнага сцяга. Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС — "Вясна" публікуе іх. Раней было вядома, што пасля затрымання Анатоль быў збіты. Падчас суда былі агучаныя падрабязнасці, бо палітвязень пісаў заяву аб правядзенні праверкі па факце прычынення яму цялесных пашкоджанняў і прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы, а таксама падаваў хадайніцтва аб дадатковым допыце, у якім заяўляў, што паказанні з 31 студзеня па 2 лютага "не адпавядаюць рэчаіснасці, бо дадзены з ужываннем фізічнага і псіхалагічнага ціску, пры паступленні ў СІЗА зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні".

Анатоль Латушка
Анатоль Латушка

Нагадаем, што 11 лютага МУС паведаміла пра затрыманне ў Мінску "групы радыкалаў". Гэтак жа прэс-служба ведамства апублікавала відэа, дзе, у тым ліку, утрымліваецца допыт затрыманага Латушкі з заблюраным тварам, дзе ён распавядае пра тое, што маляваў на паштовых скрынях у пад'ездах "Пагоню", раскідваў улёткі, зняў з крамы і спаліў у знак пратэсту чырвона-зялёны сцяг, і кажа, што раскайваецца ў зробленым. Аднак калі дакладна было запісана гэта відэа, невядома.

З матэрыялаў справы вядома, што Латушку былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Цэнтральнага РУУС 31 студзеня 2022 года — адразу пасля затрымання.

З гэтай нагоды дапытвалі 3 лютага старэйшага ўпаўнаважанага ГУУС Мядзведскага, які паказаў, што фізічную сілу ён не ўжываў, пры ім фізічная сіла з боку супрацоўнікаў не ўжывалася, проста пагутарыў, склаў тлумачэнне і пратакол затрымання, пакінуў кабінет, больш з Латушкам не перасякаўся. Адзін на адзін ніколі не знаходзіўся, разам з імі былі іншыя супрацоўнікі, дзверы была практычна пастаянна адкрыта. Падобныя паказанні даў супрацоўнік РУУС Мясніцкі 23 лютага.

Сам жа Латушка падчас следства распавядаў, што "31 студзеня каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі камунікваць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік апранаў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй... " [суддзя Карсюк прапускае частку тэксту].

"Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў...", — працягвае суддзя.

"Казалі аб тым, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што датычыцца нейкіх телеграм-каналаў. Я не разумеў, што ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізічны ціск, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не здзяйсняў. У далейгым, калі я пачаў даваць паказанні, фізічную сілу да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі. Далей мяне спусцілі ў дзяжурную частку, і на наступны дзень я працаваў са следчым. У далейшым фізічную сілу да мяне ніхто не ўжываў. Хачу ўдакладніць, што людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУУС, пакінулі кабінет да пачатку прымянення да мяне фізічнай сілы", — сказана ў тлумачэнні Латушкі.

На судзе ён пацвердзіў гэтыя факты.

Паводле дадзеных медыцынскіх дакументаў СІЗА-1 ад 2 лютага, якія агучылі на працэсе, у Латушкі былі зафіксаваныя шырокія гематомы ягадзічнай вобласці з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад кантакту з цвёрдым тупым прадметам/прадметамі, індывідуальныя следвастваральныя асаблівасці якога ў дакументах не зафіксаваныя.

"Вызначыць даўнасць гематом, колькасць траўматычных уздзеянняў не ўяўляецца магчымым", — гаворыцца ў дакуменце СІЗА.

Пры наступным аглядзе 4 лютага зафіксавана: сцягно ацёчна, гіперэмавана. У адсутнасць адпаведных аб'ектыўных клініка-інструментальных дадзеных нароўні з далейшым дынамічным наглядам не дазваляе даць судова-медыцынскую ацэнку паказанаму дыягназу. Як пазней стала вядома, у СІЗА не прыйшоў эксперт, таму не змаглі і вызначыць даўнасць і ступень цяжкасці пашкоджанняў.

Латушка на судзе растлумачыў, што гематомы ўтварыліся ад удараў дубінкамі супрацоўнікамі міліцыі.

Палітвязень падаваў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў, якія яго збівалі, аднак 24 красавіка была вынесена пастанова аб адмове. У якасці доказаў, што супрацоўнікі нібыта не ўжывалі фізічную сілу, — кніга ўліку прымянення фізічнай сілы ў Цэнтральным РУУС, у якой адсутнічаюць такія дадзеныя. Таксама былі запатрабаваныя характарыстыкі на супрацоўнікаў — абодзве добрыя.

У пастанове аб адмове ад узбуджэння крымінальнай справы ад 24 красавіка пазначана, што адсутнічаюць дадзеныя, якія паказваюць на здзяйсненне супрацоўнікамі міліцыі якіх-небудзь крымінальна-каральных дзеянняў у дачыненні да Латушкі. Анатоль не абскардзіў пастанову. Суддзя пацікавіўся чаму, бо "ну калі Вы сцвярджалі, што было такое..."

"Ну так я накіраваў ліст, усе падставы былі для праверкі, нічога не адбылося, проста даслалі адмову", — адказаў Латушка, а потым удакладніў, што абскарджваць, на яго думку, было бессэнсоўна.

Да 6 гадоў калоніі. Вынеслі прысуды тром палітвязням, сярод якіх — Анатоль Латушка

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды тром палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай.

Падтрымайце палітзняволеных лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Алена Віктараўна МаліноўскаяАнатоль Віктаравіч Латушка, Лілія Лернікаўна Ананян

Крыніца: Апраналі пакет на галаву, было не менш за 50 удараў: сталі вядомыя падрабязнасці збіцця палітвязня Анатоля Латушкі