У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. 1 ліпеня палітвязень Юрый Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калоніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасля вызвалення Кавалёў знаходзіўся ў лякарні — яму рабілі аперацыю. Але адтуль яго забралі міліцыянты і прывезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. «Гомельская Вясна» паведамляе, што адносіны да яго там добрыя.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя

Нагадаем, суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня, за тры дні да вызвалення, асудзіў палітвязня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі). Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Яго затрымалі 23 ліпеня 2021 года за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псіхіятра. 22 ліпеня 2021 года суд Буда-Кашалёўскага раёна ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калоніі паводле арт. 368 КК.

Учора ў Баранавічах на Паркавай вуліцы затрымалі «афганца» Генадзя Борыса

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі АМАП. Паводле папярэдняй інфармацыі, нагода — каментары пра ўладу ў «Аднакласніках».

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: хроніка пераследу 10 жніўня