У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў выходныя, 2 і 3 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Брэсце затрыманы Дзмітры Піскур

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта распаўсюджваў у інтэрнэце нацысцкую сімволіку, а таксама ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Сілавікі затрымалі пенсіянерку за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Стала вядома пра затрыманне жыхаркі Магілёва Святланы Будкевіч (Мацюха). У «пакаяльным відэа» жанчына распавядае пра тое, што яе затрымалі за рэпост публікацыі з каналу Nexta ў «Аднакласніках».

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе затрыманы Сяргей Якімчык

На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ў тым, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Таксама нібыта пры затрыманні ў яго знайшлі марыхуану і, як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, «цяпер да крымінальнага артыкула за масавыя, дадасца яшчэ адзін — 328 КК Рэспублікі Беларусь».

У Гродне затрымалі 36-гадовага Валерыя Віскірскага

Правабаронцы паведамляюць, што праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць: "мужчына затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і нацысцкай сімволікі, а таксама за абразу Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі".

Па іх словах, жыхар Гродна да суда будзе знаходзіцца за кратамі.

Суд над палітзняволенай Юліяй Лаптановіч пачнецца 4 ліпеня

Лаптановіч будзе судзіць абласны суд горада Гродна. Пры гэтым блізкія не ведаюць, ці пройдзе паседжанне у адкрытым рэжыме. Вядома, што ад палітзняволенай не дайшло ні аднаго ліста з моманту, як жанчыну этапавалі ў гарадзенскую турму — ужо некалькі тыдняў навінаў ад Юліі няма, піша @viasna_brest.

Юля і Ігар Лаптановічы — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей. Ігар утрымліваецца за кратамі ўжо больш за год. І Юлію, і яе мужа асудзілі па «справе карагодаў». Але жанчыну будуць судзіць яшчэ раз — Юліі хочуць прад'явіць абвінавачванне яшчэ па трох артыкулах.

Крыніца: Затрыманні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў: хроніка пераследу за выходныя, 2 і 3 ліпеня