Ала Караленка. Фота: "Гомельская вясна". У Гомелі, раніцай 29 чэрвені супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовую валанцёрку Алу Караленка. Яна дапамагала за дзень да гэтага арганізаваць свята для дзяцей бежанцаў з Украіны.

У праграме свята, якое арганізатары назвалі “Дзень днёў нараджэння”, былі запланаваныя гульні і конкурсы для ўсіх узростаў, гістарычны квэст, прадугледжаныя сувеніры і падарункі. Удзельнікам трэба было прынесці з сабой самаробнай «голуба міру» або зрабіць яго ў парку Паскевічаў усім разам.

Свята не далі правесці супрацоўнікі міліцыі і яго давялося праводзіць у іншым месцы.

А назаўтра да адной з арганізатарак свята прыйшла міліцыя. Алу Караленку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Верагодна разам з ёй былі затрыманыя і некаторыя іншыя арганізатары свята.

Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся на гэты конт, што міліцыя ўмяшалася ў свята, бо баялася «правакацый і палітычных лозунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.

"З блізкіх сваякоў у Беларусі ў Алы толькі мама 85 гадоў, пакуль ёй не паведамлялі. У сувязі з гэтым няма каму нават перадаць рэчы і ежу. Можа адгукнуцца яе сябры ці сваякі", - паведамляе знаёмы жанчыны .

Пра Алу Караленку вядома, што яна разам з іншымі жыхарамі Гомеля 25 снежня 2020 года Гомеля зладзіла навагодні пікнік у лесе. Яны ўпрыгожылі там елачку, палілі вогнішча і вадзілі карагод. Некаторыя ўдзельнікі карагода мелі бел-чырвона-белыя сцягі. На ялінцы былі аркушы паперы з надпісамі “Пацук, сыходзь!" і “У Новы год без пацука!”.

Праз некаторы час яе затрымалі і 5 студзеня 2021 года прысудзілі да адміністрацыйнага арышту на 7 сутак.

Крыніца: Валанцёрку з Гомеля затрымалі за арганізацыю свята “Дзень днёў нараджэння”