На днях стала вядома, што валанцёрка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Анісія Казлюк трапіла ў спіс “30 да 30” часопісу Forbes у катэгорыі “Права і кіраванне”. Дзяўчына распавяла сайту ПЦ “Вясна” пра тое, чаму яна займаецца валанцёрскай дзейнасцю, а таксама пра свае далейшыя планы ў праваабарончай сферы. У кастрычніку Анісіі напісала журналістка Forbes. Яна паведаміла, што на сайце тэлеканалу “Белсат” знайшла артыкул пра дзяўчыну, у якім распавядалася, як валанцёрка была затрыманая на мяжы, калі вярталася з Праваабарончага форуму. Журналістка даслала Анісіі анкету са стандартнымі для ўсіх удзельніках пытаннямі, дзяўчына запоўніла яе і стала чакаць вынікаў.

Анісія Казлюк. Фота ПЦ
Анісія Казлюк. Фота ПЦ "Вясна"

“Хоць я і ведала яшчэ з кастрычніка, што на мяне звярнулі ўвагу складальнікі гэтага спісу, але ўсё роўна тое, што я трапіла ў 30 найлепшых, для мяне было нечаканым. Бо я думала, што далей за 50 кандыдатаў я не прайду. Я мяркую, што так адбылося, таму што нашая дзейнасць даволі важная і адначасова заўважная, а таксама таму, што, на жаль, праваабаронцы ў Беларусі падвяргаюцца рэпрэсіям. І пра гэта варта было распавецсі на міжнародным узроўні”, - распавядае Анісія.

Анісія Казлюк адзначае, што займаецца валанцёрскай дзейнасцю, бо такім чынам можа рэалізаваць сваю ўнутраную патрэбу быць карыснай грамадству.

“Мне заўсёды падабалася юрыспрудэнцыя, тым больш я атрымоўвала юрыдычную адукацыю, і зараз я магу такім чынам дапамагаць не толькі тэхнічнай працай, але і юрыдачнай - напісаннем зваротаў ды скаргаў з нагоды парушэння правоў”.

Дзяўчына кажа, што ў далейшым ёй бы хацелася займацца праваабарончай дзейнасцю больш прафесійна. По словах валанцёркі, гэта яе мара яшчэ з 14 год - з таго часу, калі яна толькі пачала паглыбляцца ў праваабарончую сферу.

А пакуль што Анісія плануе і далей актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці Валанцёрская службы. У планах у ініцыятывы на наступныя тры гады – пашырэнне валанцёрскай праваабарончай сеткі, прычым не толькі ў Мінску, але і па іншых гарадах Беларусі. Валанцёры рыхтуюць шмат адукацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Анісія нагадвае, што да дзейнасці Валанцёрская службы “Вясны” могуць далучыцца ўсе заахвочаныя, запоўніўшы анкету на сайце аргынізацыі.

Крыніца: Валанцёрка “Вясны”, якая трапіла ў спіс Forbes: Мару стаць прафесійнай праваабаронцай Відэа