У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» 26 траўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сёння ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна затрыманы журналіст Аляксандр Любянчук 

Верагодна, у доме быў праведзены ператрус. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына — невядома.

Ідзе ператрус у беларускай кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябарскі 

Як стала вядома, следчыя дзеяньні праводзяць з нагоды крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера.

«Яны там усё ламаюць, разбілі унітаз, літаральна усё грамяць, – гаворыць Вольга Павук. – Нам паведамілі пра прыезд сілавікоў суседзі па доме. Ранкам пабачылі сіні бусік ля пад’езду, пасьля адтуль выйшлі сілавікі і пайшлі ў нашую кватэру. Верагодна, усё гэта праз крымінальную справу супраць Андрэя. Мы зарэгістарваныя разам у той кватэры, нашыя дзеці таксама».

Па словах Вольгі, яны з былым мужам турбуюцца, што сілавікі могуць таксама прыйсьці да іх бацькоў. Ні з Андрэем Павуком, ні з яго былой жонкай ніхто з сілавых структураў напярэдадні ператрусу не зьвязваўся, яго прычына ім дакладна невядомыя.

Ранкам затрымалі бацькоў вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук

Гэта адбылося ў яе роднай вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна. Пра гэта паведаміла сама Маргарыта.

«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», — сказала спявачка.

Хто затрымліваў бацькоў і па якой справе пакуль невядома.

У Віцебску прызналі «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал з арыгінальнай назвай

Адпаведнае рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебска 17 траўня.

Чарговыя затрыманні за падзеі 2020 года 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Алега Шэргілашвілі і Мікіты Скотнікава.

Алега абвінавачваюць у тым, што ён дасылаў паведамленні пра акцыі пратэсту ў чат-бот Nexta, а Мікіту — што ён прыязджаў з Полацку на акцыі пратэсту ў Мінск, дзе перакрываў рух транспарту. На Мікіту завялі крымінальную справу за арганізацыю і прадрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

У Жлобіне затрыманая актывістка «Матчын Рух-328» Ліяна Шуба

Падрабязнасці пакуль невядомыя.

Ліяна Шуба неаднаразова затрымлівалася на акцыях у 2020 годзе, адбывала адміністрацыйны арышт і была аштрафаваная.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Затрыманні, ператрусы, экстрэмісцкія тэлеграм-каналы — хроніка пераследу 26 траўня