Сяргей Сакавец. Фота з асабістага архіва У судзе Маскоўскага раёна Мінска 24 траўня агучылі прысуд 29-гадоваму палітзняволенаму Сяргею Сакаўцу. Суддзя Таццяна Пірожнікава па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса прызначыла яму чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сяргей на судзе віну не прызнаў і заявіў пра збіццё пры затрыманні. Пад вартай палітвязень утрымліваецца восем месяцаў.

Нагадаем, Сяргея Сакаўца затрымалі 21 верасня мінулага года і арыштавалі на 10 сутак за падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь». Але з «сутак» хлопец так і не выйшаў — супраць яго распачалі крымінальную справу паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў. Пасля некалькіх месяцаў пад вартай у СІЗА-1 Сяргею выставілі абвінавачванне яшчэ па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса — паклёп і абраза Лукашэнкі (ч. 1 і 2 арт. 367 і ч. 1 і 2 арт. 368).

У чым абвінавацілі палітвязня?

Сяргея абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у чатырох жнівеньскіх акцыях пратэсту —  9, 16, 23 і 30 жніўня. Таксама яму інкрымінавалі заклікі да ўдзелу ў мітынгах праз Instagram, у якім у яго было каля 15 тысяч падпісчыкаў.

Акрамя гэтага, Сяргея Сакаўца абвінавацілі ў тым, што ў перыяд з 9 жніўня 2020 па 2 лістапада 2020 наўмысна неаднаразова размяшчаў у сацыяльнай сетцы Instagram фота, відэа і тэкставую інфармацыю, «накіраваную на арганізацыю, правядзенне і асвятленне незаконных сацыяльна-палітычных акцый, а таксама тыя, што здзяйсняюць заклікі да іх здзяйснення, адабрэння і падтрымкі, захоўваў дадзеную інфармацыю ў вольным доступе ў сетцы інтэрнэт, забяспечваў дубляванне інтэрнэт-рэсурсамі, а таксама распаўсюджванне іншымі карыстальнікамі».

«У выніку названых дзеянняў, дзеянні прывялі да масавых пратэстных акцый, якія суправаджаюцца грубым парушэннем грамадскага парадку, спалучаным з адмовай ад выканання законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, а таксама спыненнем нармальнай працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў на тэрыторыі горада Мінска», — гаворыцца ў абвінавачванні. 

«Таксама варта адзначыць, што ўвесь час пасля так званых шэсцяў, маршаў у телеграм-каналах паказвалася інфармацыя, у тым ліку пра затрыманых, іх заўсёды было 500, 700 і гэтак далей, у розныя дні непасрэдна была розная інфармацыя. У сваю чаргу, прымаючы пад увагу, што абвінавачаны быў актыўным даследчыкам названых телеграм-каналаў, ведаў, з яго ж слоў, перасылаў сабе некаторую інфармацыю непасрэдна ў instagram. Абвінавачаны ведаў пра тое, што паказаная акцыя з'яўляецца незаконнай, што на ёй прысутнічае затрыманне людзей за ўдзел у гэтых незаконных масавых мерапрыемствах, тым не менш, на працягу доўгага перыяду часу сам актыўна прымаў, арганізатарскую, скажам так, функцыю выконваў і функцыю актыўнага ўдзельніка ў правядзенні дадзеных масавых мерапрыемстваў», — заявіў пракурор на працэсе.

Па арт. 367 і 368 (паклёп і абраза Лукашэнкі) Сяргею інкрымінавалі яго пасты ў інстаграм пра тое, што людзі хочуць перамен і каб Лукашэнка сыходзіў, а ён «учапіўся сінімі пальцамі ва ўладу і трымаецца», а таксама тое, што называў Лукашэнку «тараканам».

Сяргей Сакавец на судзе віну не прызнаў.

Што на судзе распавёў палітвязень?

Сяргей Сакавец на судзе растлумачыў, што гэтыя пасты пісаў не ён, а другі блогер, а ён іх проста капіяваў і размяшчаў у сябе ў профілі — «перасылаў сабе на старонку».

На судзе палітвязень заявіў пра збіццё пры затрыманні — ён звярнуўся са скаргай да пракурора. Па яго словах, адразу яго білі ў машыне, калі затрымалі на працы. Пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіКа патрабавалі, каб ён сказаў: «На каго ты працуеш і навошта вядзеш свой Instagram». Як распавёў на судзе Сяргей, білі дубінкай і кулакамі па галаве. Потым вывелі з машыны і білі ў пад'ездзе, дзе жыве Сяргей, і патрабавалі пароль і логін ад Instagram. Таксама білі рэбрах, а пасля ператрусу ў ГУБАЗіКу «адзін біў вышэй каленяў па цягліцах кулаком»

Пракурор запытаў, чаму ён не заявіў пра гэта пасля затрымання, на што палітвязень сказаў, што баяўся, а сёння прысутнічаюць сведкі – яго сваякі.

Што казала абарона?

Абарона ў спрэчках звярнула ўвагу на наступныя абставіны паводле артыкулаў 368 і 367 Крымінальнага кодэкса, што яму фактычна ставяцца ў віну публікацыі, вырабленыя не ім:

«Тэксты названых публікацый таксама не былі вырабленыя маім падабаронным. Доказам гэтага з'яўляецца ўдакладненне майго падабароннага, які ў судовым пасяджэнні растлумачыў, што і тэкст, і публікацыі браў з тэлеграм-каналаў і іх фактычна распаўсюджваў. На думку майго падабароннага, гэта распаўсюджванне экстрэмісцкай прадукцыі, а менавіта адміністрацыйная адказнасць па арт. 17.11 КаАП, і апошні эпізод за жнівень 2021 года гэта арт. 19.11 КаАП. Мой падабаронны ў судовым пасяджэнні растлумачыў, што фактычна не ведаў, для чаго гэта ажыццяўляў, адпаведна, з гэтага вынікае, што намеру на паклёп і абразу ён не меў, у сувязі з чым адсутнічае матывацыйны склад арт. 367 і 368 КК». 

«Маё сумленне мне не дазваляе прызнаць тое, у чым я невінаваты». Што казаў у апошнім слове палітвязень?

На судзе Сяргей Сакавец выступіў з апошнім словам: 

«Паважаны Высокі суд, у сваю абарону хачу сказаць, што я чалавек неканфліктны, добры, пазітыўны і сумленны. Я вельмі ўражлівы, я паддаўся эмоцыям, напале ў грамадстве і сваім эмоцыям. Так, я шмат дзе няправы і шмат пра што задумаўся, але пры ўсёй павазе да баку абвінавачвання, я ўсё роўна не разумею… 

Усё, што я рабіў, я лічу, гэта адміністрацыйныя артыкулы, а ўсе доказы былі атрыманыя незаконным шляхам і не могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачвання. Так, я дзесьці здымаў, дзесьці фатаграфаваў, размяшчаў у сябе рэпосты з телеграма, але ўсё гэта я рабіў без злога намеру, без канкрэтнай мэты, без карысці.

Я нічога нікому не навязваў, не заклікаў, і тым больш ніякай змовы і арганізацыі не было. Усё абвінавачванне пабудавана на здагадках, і канкрэтных доказаў няма, сведак таксама няма. 

Паважаны Высокі суд, прашу разгледзець маю справу непрадузята, аб'ектыўна, ўсебакова, поўна. Мне сорамна за тое, што я рабіў, я шчыра шкадую, прашу прабачэння перад усімі за свае ўчынкі. У мяне быў час усё пераасэнсаваць і зразумець, што маё сумленне мне не дазваляе прызнаць тое, у чым я невінаваты. Прашу мяне апраўдаць і даць магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, дадому ў сям'ю да каханай… Дзякуй».

Чым усё скончылася?

Пракурор папрасіў суд прызнаць Сакаўца вінаватым паводле ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на Лукашэнку) і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады, паводле ч. 2 арт. 367 – 2 гады і 8 месяцаў, паводле ч. 1 арт. 368 – 1 год, ч. 2 арт. 368 – 2 гады, ч. 1 арт. 342 – 2 гады і 6 месяцаў. Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання канчатковае пакаранне-пазбаўленне волі на тэрмін 4 гады з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прызначыў суд.

Падтрымайце Сяргея лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і грашовым пераводам:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Сяргей Аляксандравіч Сакавец

Пісаў вершы, вёў Instagram на 15 тысяч падпісчыкаў, а цяпер у СІЗА. Гісторыя палітвязня Сяргея Сакаўца

Мама Сяргея Тамара распавяла "Вясне" гісторыю палітзняволенага сына.

Крыніца: Instagram-блогера асудзілі да 4 гадоў калоніі. Пры затрыманні ў яго выбівалі логін і пароль