Cуд Савецкага раёна Мінска У Судзе Савецкага раёна Мінска на мінулым тыдні вынесены прысуд па крымінальнай справе Сяргея Лагуткіна, абвінавачанага ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт.342 КК РБ).

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.

Да суда Сяргей Лагуткін утрымліваўся ў Следчым ізалятары №1 г. Мінска.

Як устаноўлена следствам, Сяргей Лагуткін, у вячэрні час з 9 па 10 жніўня 2020 года рухаўся ў калоне пратэстоўцаў разам з іншымі асобамі па праспектах Пераможцаў і Машэрава ў Мінску, станавіўся “ў счэпку локцямі".

Таксама ён разам з іншымі выкрыкваючы лозунгі, блакаваў і перагароджваў шлях аўтамабілям, што прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту. На законныя патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў.

Судовы працэс над Лагуткіным распачаўся 13 студзеня. Падчас судовага следства Лагуткін сваю віну прызнаў цалкам.

У выніку КУП "Мінсктранс" нанесены ўрон на суму звыш 3 тыс. рублёў, які ён мусіць сплаціць.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд пастанавіў прызначыць Лагуткіну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

На суровасць пакарання паўплывала наяўнасць ранейшай судзімасці.

Крыніца: За счэпку на праспекце Пераможцаў у Мінску - два гады калоніі строгага рэжыму