Друкаваць гэтую старонку
Субота, 29 Лістапад 2014

У Воршы ловяць футбольных фанатаў за марш па цэнтры гораду

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

16 лістапада ў Воршы адбыўся футбольны матч паміж клюбамі “Ворша” і “Крумкачы”. Перад матчам мясцовыя фанаты групай прайшлі ад будынку езуіцкага калегіюму да стадыёну. Яны несьлі банэр і палілі фаеры. Як піша сайт belultras.by, пасьля таго, як інфармацыя пра шэсьце зьявілася ў СМІ, міліцыя ацаніла яго як несанкцыяванае шэсьце з элемэнтамі палітыкі.

Аршанская міліцыя пачала шукаць удзельнікаў акцыі з дапамогай фатаграфіяў на сайтах і ў сацыяльных сетках, а таксама з дапамогай вулічных камэр назіраньня і запісаў са стадыёну.

Паведамляецца, што ў аўторак 18 лістапада ў горадзе пачалася аблава на фанатаў. Моладзь выклікалі да ўчастковых, забіралі з вучобы і працы, з дамоў. Фанаты кажуць, што часам з дамоў іх забіралі амапаўцы, хаця маладыя людзі не зьбіраліся супраціўляцца. За першы дзень аблавы, паводле слоў відавочцаў, было затрымана каля 20-25 чалавек. Сярод іх былі і тыя, хто ня меў дачыненьня да шэсьця.

19 лістапада аблава працягнулася, гэтым разам затрымоўвалі пераважна паўнагадовых фанатаў футбольнай каманды. Непаўнагадовым давалі падпісваць пратаколы тлумачэньня і адпускалі, на паўнагадовых складалі пратаколы за ўдзел і арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця. Суд аштрафаваў за акцыю трох чалавек.

Паведамляецца, што міліцыя дагэтуль працягвае шукаць фанатаў, якія ўдзельнічалі ў шэсьці.

euroradio.fm