Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Сакавік 2023

Праўладны Telegram-канал апублікаваў здзеклівыя відэа з затрыманымі віцяблянамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Здзеклівай выглядае і прадмова да чатырох так званых «пакаяльных» відэа: «Праваахоўнікі Віцебшчыны працягваюць дапамагаць тым, хто яшчэ не вызначыўся са сваёй палітычнай пазіцыяй, знайсці выйсце і рэабілітавацца (раскаяцца). Змагары, запомніце раз і назаўсёды, ніхто не застанецца незаўважаным, усіх вылічым, да ўсіх прыйдзем у госці. Калі да вас яшчэ не пастукаліся, гэта не значыць, што пра вас забылі».

«Пакаяльныя» відэа нагадваюць словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ахвотныя вярнуцца з-за мяжы, так званыя «беглыя», павінны стаць на радзіме яшчэ больш шчырымі «ябацькамі», чым цяперашнія прыхільнікі дзяржаўнай улады. У гэтай стылістыцы і знятыя відэаролікі. Пракладам, у Дзмітрыя Каралькова на грудзях начэплена чырвона-зялёная стужка з кветкамі яблыні – якраз такія раздаюць гандляркам і касіркам напярэдадні 9 траўня або 3 ліпеня. Хлопец кажа пра тое, што браў удзел у пратэстах 2020г., быў падпісаны на дэструктыўныя каналы і старонкі ў сацыяльных сетках, пакідаў там каментары.

Аповед Яраслава Пачопкі зняты на фоне дзяржаўнага сцяга. Мужчына распавядае, што працуе начальнікам цэха на прыватным прадпрыемстве, і што аднойчы ён пералічыў 20 даляраў у BySol.

На іншыя відэазапісы крэатыву, па ўсім відаць, не хапіла. І Дзмітрыя Смуенку здымалі ўжо проста на шэрым фоне. Ён прызнаецца, што быў удзельнікам пратэстаў і пакараны за гэта. Таксама хлопец кажа, што быў падпісаны на сацыяльныя сеткі і Telegram-каналы, «забароненыя ў Рэспубліцы Беларусь». І цяпер раіць усім адпісацца ад такіх рэсурсаў, «каб не было праблемаў, звязаных з законам».

На апошнім відэа жыхары Віцебску могуць пазнаць лекара-стаматолага Уладзіміра Балясава. Ён звяртаецца да сваіх пацыентаў і незнаёмых людзей, кажучы, што браў удзел у акцыях пратэсту і «асвятляў сітуацыю, як я тады яе разумеў». Далей ён кажа, што не хоча з’язжаць з Беларусі, і  шчыра ўсцешаны тым, што ў краіне няма вайны. Заклікае ўсіх устрымлівацца ад каментароў у інтэрнэце і працаваць над тым, каб беларускае грамадства аб’ядналася, і не было варажнечы.

Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што ніхто з герояў відэаролікаў не апраўдваецца за ўдзел у пратэстах 2020-га году – усе чацвёра гавораць толькі аб тым, што  шкадуюць пра свае дзеянні ў інтэрнэце, прычым падкрэслена звяртаюцца да патэнцыйных гледачоў, каб тыя былі больш абачлівымі, што да «забароненых» суполак і Telegram-каналаў.

Таццяна Віктарава