Друкаваць гэтую старонку
Серада, 14 Снежань 2022

У Віцебску затрымалі траіх чалавек, якія маюць дачыненне да гастрапаба ROK’I PUB

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне Іллі Кульмана і Паўла Пятруніна, заснавальнікаў паба. Вядома таксама, што сярод затрыманых ёсць чалавек па прозвішчы Ларкоў (імя ўдакладняецца), у якога дома зранку прайшоў ператрус. Жыхары Віцебску выказваюць версію, што адміністрацыю паба затрымалі за правядзенне канцэрта спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa. Яе сольны канцэрт прайшоў у ROK’I PUBе 10-га снежня.

Сапраўднае імя спявачкі Яна Смаляга, яна ўраджэнка Барысава, жонка былога палітзняволенага Лявона Халатрана, у сям’і гадуецца чатырохгадовы сын. У Віцебску жывуць маці і бацька Лявона – абое лекары. Ен быў асуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) да двух гадоў «хіміі», выйшаў на волю сёлета ў траўні.

Iva Sativa – спявачка, папулярная ў моладзевым асяродку. Спявае па-беларуску ў адмысловым стылі, дзе спалучаюцца фольк, рэп і электронная музыка.

ROK’I PUB вядомая ў Віцебску ўстанова, дзе перыядычна ладзяцца канцэрты беларускіх выступоўцаў. Не выключана, што следам за затрыманнем заснавальнікаў гэтая кропка гарадскога культурніцкага жыцця будзе зачынена.

Жанна Жалейка