Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Сакавік 2022

Затрыманы віцебскі дысідэнт Барыс Хамайда

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Найстарэйшы апазіцыянер Віцебску, які неаднаразова падкрэсліваў, што жыве па беларускай Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе, бо ўсе пазнейшыя лічыць нелегітымнымі, быў затрыманы якраз 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі. Што стала падставай для затрымання, застаецца невядомым.

Апошні раз 15 сакавіка Барыс Хамайда выходзіў на сувязь каля 14-й гадзіны. Ён патэлефанаваў журналістам, каб паведаміць, што знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Акалічнасцяў тлумачыць не стаў, паабяцаўшы паведаміць усё пазней. Аднак больш тэлефонных званкоў ад актывіста не было, і ён сам не адгукаецца на тэлефанаванні.

Знаходжанне Барыса Хамайды менавіта ў Чыгуначным РАУС ускосна сведчыць пра тое, што ён быў затрыманы каля так званага «сіняга дому». На гэтае месца ў цэнтры Віцебску ён выходзіць практычна штодня ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. Апошнія гады ён распаўсюджвае тут беларускую літаратуру і незалежную прэсу, а ягонае «працоўнае месца» кожны віцяблянін пазнаваў па бел-чырвона-белым парасоне над столікам з кнігамі, газетамі і часопісамі. Яшчэ ўлетку, падчас чарговага затрымання, у Барыса Ханонавіча забралі і парасон, і вышыванкі, у тым ліку з малітвай «Ойча наш», вышытай чырвонымі ніткамі на белай палатніне, некалькі стужак у нацыянальных колерах, паштоўкі...

Потым дайшла чарга і да беларускіх кніг: у Барыса Хамайды двойчы забіралі беларускамоўныя выданні, якія ен раздаваў ахвотным мінакам. Апазіцыянеру было заяўлена, што забраныя кнігі будуць правяраць «на экстрэмізм», але ці былі праверкі і да якіх высноваў прыйшлі міліцыянты, Барысу Хамайду не паведамлялі. Апошнія месяцы ён стаяў каля «сіняга дому» толькі з кнігамі, бо ўся іншая атрыбутыка была ўжо ў Чыгуначным РАУС.

Дарэчы, пратаколаў на актывіста апошнія разы ўжо не складалі, і адпускалі па сканчэнні трох гадзінаў пасля «прафілактычных гутарак».

Што адбылося гэтым разам, невядома. Верагодна, заўтра Барыса Хамайду будуць судзіць, і не выключана, што праз скайп. У такім разе пра акалічнасці затрымання можна будзе даведацца толькі ад самога апазіцыянера, калі ён апынецца не волі. У яго няма сваякоў, якія маглі б даведацца нейкія падрабязнасці проста зараз.

Андрэй Кот