Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Сакавік 2022

У Бешанковіцкім раёне затрымалі паэта і барда Георгія Станкевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

У Бешанковіцкім раёне затрыманы журналіст і бард Георгі Станкевіч. Пра гэта паведаміла ягоная жонка. Паводле яе, міліцыя палявала на Георгія ад 3 сакавіка: непадалёк ад ягонага дома ў вёсцы Старыя Ранчыцы дзяжурыла міліцэйская машына. Падобна, сачэнне адбывалася ўсю ноч, бо ўжо з раніцы супрацоўнікі МУС прыйшлі з ператрусам.

Як расказала жонка затрыманага, міліцыянты прыйшлі з ператрусам з самай раніцы, калі спадар Георгі выйшаў у двор, каб упраўляцца з гаспадаркай. Супрацоўнікі міліцыі пачакалі, пакуль мужчына падоіць кароў, а потым забралі гаспадара. Патлумачылі, што ён нібыта размясціў у інтэрнэце выявы з забароненай экстрэмісцкай сімволікай.

У хаце Георгія Станкевіча правялі ператрус, забралі тэлефон і камп'ютар. Аргтэхніку забралі для праверкі прыкладна на месяц – так міліцыянты патлумачылі жонцы Георгія Станкевіча. Якія менавіта «экстрэмісцкія» выявы сталі падставай для затрымання, супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі. Шукалі ў хаце і «нацыяналістычную» сімволіку, але нічога не знайшлі.

Незадоўга да затрымання Георгі Станкевіч казаў, што прэтэнзіі да яго могуць быць выкліканы матэрыяламі пра вайну ва Украіне, якія ён размяшчаў на сваім сайце штодня. 1 сакавіка ён размясціў там адмысловы зварот да жыхароў Бешанковіцкага раёну і раённых уладаў, дзе заклікаў усімі магчымымі спосабамі садзейнічаць спыненню вайны.

Эмілія Протас