Друкаваць гэтую старонку
Серада, 23 Люты 2022

Віцебскага фотамастака і краязнаўцу Віктара Барысенкава пасадзілі на 10 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Барысенкаў Віктар Барысенкаў

Увечары 21-га лютага віцебскага фотамастака і краязнаўцу Віктара Барысенкава забралі адбываць 10-суткавы арышт, прысуджаны яшчэ ўвосень. Пра гэта паведаміў адзін з сяброў Віктара Барысенкава, які прасіў не называць ягонае імя. Па звестках крыніцы, на 10 сутак фотамастака асудзілі за той жа фотаздымак, за які ў жніўні 2021 году ён адбыў 7 сутак арышту, але з прысудам не згадзіўся.

«13 жніўня  мінулага году Віктара  асудзілі  на 7 сутак за апублікаванне ў сацыяльных сетках фотаздымка вызваленага Віцебска. На ім савецкія салдаты разглядаюць трафейны  сцяг са свастыкай. Барысенкава абвінавацілі ў прапагандзе нацысцкай сімволікі  (ч. 1 арт. 19.10 КаАП), хаця ў судзе ён тлумачыў, што гэта сапраўднае архіўнае фота, і яно знаходзіцца ў вольным доступе на дзясятках сайтаў. Пазней ён спрабаваў аспрэчыць рашэнне рашэнне суду Кастрычніцкага раёна ў Віцебскім абласным судзе, але яму гэта не ўдалося.  Сваім абурэннем судовымі пастановамі ён падзяліўся ў сацсетках, зноўку апублікаваўшы гістарычнае фота – маўляў, гэта ж не ён намаляваў той сцяг! За гэта па тым самым артыкуле яму прысудзілі яшчэ адзін арышт – ужо на 10 сутак», - распавяла крыніца. 

Агулам Віктару Барысенкаву прысудзілі 17 сутак. 7 з іх ён адбыў яшчэ ўвосень. Астатнія 10 «адклалі» – як патлумачылі міліцыянты, яго «забяруць, калі будзе патрэбна». Падобна, што патрэба наспела якраз перад «рэферэндумам» 27-га лютага, бо якраз цяпер міліцыянты апасаюцца любых праяваў нязгоды з дзяржаўнай ідэалогіяй.

Віктар Барысенкаў – вядомая ў Віцебску асоба. Ён аўтар мастацкіх фотапраекцый, якія дазваляюць убачыць страчаныя помнікі архітэктуры, і гэтыя ягоныя працы неаднаразова экспанавалі на гарадскіх выставах. Таксама Віктар Барысенкаў мае некалькі грамат ад навучальных і культурніцкіх установаў, дзе ён чытаў лекцыі па гісторыі  Віцебску. Але гэтыя заслугі краязнаўцы і калекцыянера суды не ўлічылі, калі каралі, па сутнасці, не за прапаганду нацысцкай сімволікі, а за адукацыйна-асветніцкую дзейнасць.

Феліцыян Красоўскі