Друкаваць гэтую старонку
Серада, 23 Верасень 2020

У Віцебску падчас мірнага шэсця 23 верасня затрымалі некалькі чалавек - відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Падчас мірнага маршу 23 верасня Падчас мірнага маршу 23 верасня

У сераду 23 верасня віцябляне выказалі свой пратэст супраць таемнай інаўгурацыі, якую ў гэты дзень зладзіў Аляксандр Лукашэнка. Каля 500 чалавек прайшлі калонай па вуліцах гораду. На праспекце Перамогі адбылася сутычка з міліцыяй, падчас якой былі затрыманыя некалькі чалавек.

Мірны марш пратэсту меўся пачацца ад пляцоўкі перад ГЦ «Марка-сіці», але бліжэй да 18-й гадзіны сюды падагналі аўтазакі і пратэстоўцы былі вымушаныя маленькімі групамі перайсці на другі бок вуліцы Леніна. Калона прайшла па Леніна, абмінула міліцэйскія заслоны і выйшла на Маскоўскі праспект. Людзі скандавалі «Лукашэнка – самазванец!», «Жыве Беларусь!», «Мы маем сумленне!» ды іншыя лозунгі.

На Маскоўскім праспекце калона прырасла да 500 чалавек.

На праспекце Перамогі, паміж дамамі №4 і №6, калону спынілі міліцыянты, якія пад’ехалі на аўтобусе з боку праспекту Будаўнікоў. Пратэстоўцы сталі ў шчэпку і праз некаторы час адступілі ў двары. Падчас сутычкі супрацоўнікі МУС ужылі дубінкі.

Некалькі чалавек (дакладная колькасць пакуль невядомая) былі затрыманыя і кінутыя ў міліцэйскія мікрааўтобусы.

Каля 20.30 на праспекце Будаўнікоў калона пратэстоўцаў спыніла шэсце. Людзі маленькімі групамі разышліся па дварах.

Як выявілася, калону мірных дэманстрантаў 23 верасня ў Віцебску суправаджала больш за 10 міліцэйскіх аўтамабіляў – аўтазакаў, аўтобусаў і мікрааўтобусаў.

Зміцер Міраш