Друкаваць гэтую старонку
Субота, 19 Верасень 2020

Яшчэ аднаго ўдзельніка шэсця 6 верасня падазраюць у гвалце супраць міліцыі. Затрыманы Уладзіслаў Макавецкі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Уладзіслаў Макавецкі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Фота: instagram.com Уладзіслаў Макавецкі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Фота: instagram.com

«У Віцебску затрыманы адзін з актыўных удзельнікаў нападу на супрацоўнікаў міліцыі», – паведаміў 19 верасня на афіцыйным Тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Беларусі. Удакладняецца, што затрыманы «з’яўляецца сябрам моладзевага апазіцыйнага руху і сур’ёзна захапляецца фашысцкай сімволікай». Спраўдзілі, ці так гэта і за што канкрэтна затрымалі віцябляніна.

Як высветлілася, 18 верасня пад варту быў узяты 27 гадовы жыхар Віцебску Уладзіслаў Макавецкі. Ён быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) да выстаўлення абвінавачання. Мужчыну падазраюць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК (ужыванне альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі). Абвінавачанне мусяць выставіць праз 72 гадзіны ад моманту затрымання.

Як расказала нам маці затрыманага, у кватэры Уладзіслава 18 верасня прайшоў вобшук. Яна сцвярджае, што ніякім «прыхільнікам фашысцкай сімволікі» яе сын ніколі не быў. Ён мастак-разьбяр, займаецца таксама рэканструкцыяй і аднаўленнем вайсковых артэфактаў (мячы, каскі, сякеры), частку якіх канфіскавалі падчас ператрусу.

Дарэчы, Уладзіслаў Макавецкі – адзін з аўтараў найдаўжэйшай у свеце, амаль 24-метровай, драўлянай лыжкі, якую выразалі ў Беразіне.

Як кажа маці, Уладзіславу прад’явілі фотаздымак, на якім ён замахваецца на міліцыянтаў гумовым дручком падчас сутычкі на вуліцы Праўды 6 верасня. Яна запэўнівае, што яе сын не чыніў гвалту і што ніякага «нападу на супрацоўнікаў» не было.

«Ён падбег і закрыўся левай рукой, калі міліцыянт яго ўдарыў дубінкай. Дубінка ад удару адляцела. Уладзіслаў падняў яе і ўзняў над галавой, але амаль адразу адкінуў яе ўбок. Дык вось яму прад’явілі фота, дзе ён стаіць з узнятай над галавой дубінкай. Але нават на фота бачна, што ўжо паміж ім і міліцыяй вялікая адлегласць, і ён ніяк не мог прычыніць ім шкоды», – упэўненая маці затрыманага.

Наадварот, маці лічыць, што яе сын сваімі дзеяннямі хацеў перадухіліць гвалт з абодвух бакоў.

«У цяперашні час следчымі праводзяцца неабходныя мерапрыемствы для высвятлення ўсіх абставін яго супрацьпраўных дзеянняў», – паведамляе прэс-служба МУС.

З Уладзіславам Макавецкім працуе адвакат. Адсочваем сітуацыю.

Зміцер Міраш