Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Верасень 2020

Віцябляніна Малахоўскага могуць абвінаваціць ва ўжыванні гвалту да супрацоўніка міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Падчас затрыманняў 13 верасня Падчас затрыманняў 13 верасня

Віцяблянін Уладзімір Малахоўскі ад 13 верасня знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). У сераду 16 верасня яго судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці (ч.1 арт. 23.34), але на волю не выпусцілі: мужчыну зноў затрымалі па падазрэнні ва ўчыненні крымінальнага злачынства – да выстаўлення абвінавачання. Выставіць яго мусяць праз 72 гадзіны.

“Мы ўжо дакладна ведаем, што Уладзіміра Малахоўскага могуць абвінаваціць ва ўжыванні альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі – паводле арт. 364 КК. З мужчынай працуюць адвакаты”, – пведамілі нам віцебскія праваабаронцы.

Сваякі Уладзіміра Малахоўскага расказалі, што суд паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 (за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 13 верасня ў Віцебску) быў выязным і прайшоў на тэрыторыі ізалятару. Справу разглядала суддзя Вераніка Барысава. Яна прызнала Малахоўскага вінаватым і пакарала штрафам (памер ўдакладняецца).

Па словах сваякоў, інфармацыя пра тое, што ў Малахоўскага быў зафіксаваны пералом рукі пасля сутычкі з міліцыяй, не пацвердзілася. Аднак маюцца пашкоджанні двух пальцаў на руке. Пры гэтым Уладзімір мае інваліднасць 3-й групы, ён хварэў на анкалогію.  

Уладзімір Малахоўскі быў затрыманы 13 верасня падчас мірнага шэсця ў Віцебску. Відэа сутыкнення змешчыныя ў інтэрнэце.

Артыкул 364 КК прадугледжвае пакаранне арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, альбо пазбаўленнем волі да 6 гадоў.

Зміцер Міраш