Друкаваць гэтую старонку
Серада, 19 Жнівень 2020

Гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы пасьля трох сутак за кратамі трапіў у рэанімацыю

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Леанід Гаравы Леанід Гаравы

14 жніўня а 16-й гадзіне гарадоцкі краязнаўца, грамадзкі актывіст і сябра БСДП (Грамада) Леанід Гаравы быў затрыманы мясцовымі міліцыянтамі за спробу правядзеньня несанкцыянаванага пікетаваньня. Пасьля трох дзён арышту ў гарадоцкім РАУС адбыўся суд. Неўзабаве пасьля яго актывіст у стане гіпаглікемічнай комы трапіў у лякарню, дзе ў яго здарыўся інсульт.

У сацыяльных сетках Леанід Гаравы заклікаў жыхароў Гарадка прыйсьці 14 жніўня на экалягічную акцыю і пакарміць птушак. Абяцаў, што адкажа на пытаньні, якія хвалююць людзей у сёньняшнім становішчы. Міліцыянты затрымалі Гаравога за дзьве гадзіны да пачатку акцыі.

Як распавядае ягоная жонка Тацяна, ніякага пікетаваньня ён не арганізоўваў, гэта была экалягічная  акцыя. Людзі мусілі пакарміць птушак, але яго схапілі  і закрылі на тры дні ў будынку міліцыі ў Гарадку.  

Паводле жонкі Гаравога, яго не кармілі 22 гадзіны, і ў суботу вечарам яму стала дрэнна, бо актывіст хварэе на цукровы дыябэт. Узьняўся ўзровень цукру ў крыві і падскочыў ціск – міліцыянтам давялося выклікаць хуткую дапамогу. Пра стан здароўя мужа Тацяне ніхто не паведаміў.

Суд прайшоў у панядзелак у аддзяленьні міліцыі. З самай раніцы Тацяна Гаравая намагалася даведацца, дзе ён адбудзецца, але так і ня здолела нічога дазнацца. Суд прысудзіў яму трое содняў, якія ён ужо адседзеў.

“Лёня быў вельмі засмучаны, што яго не апраўдалі. Мы выйшлі зь ім на ганак, і яму зноў стала кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. У рэанімацыю яго прывезьлі ў стане гіпаглікемічнай комы, ціск упаў да 85/50. Дай Божа, усё пройдзе, бо інсульт здарыўся ўжо ў  больніцы. Стан здароўя стабілізаваўся”,  – кажа Тацяна Гаравая.

Гарадоцкая больніца зараз на  карантыне, таму наведацьактвіста ня можа нават жонка. Зычым калегу трываласьці і хуткага выздараўленьня!

С. Горкі