Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 07 Жнівень 2020

У віцебскі ізалятар кінулі Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Будынак АУС Віцебскага раёну Будынак АУС Віцебскага раёну

У Віцебску перад выходнымі і асноўным днём галасаваньня пачалі затрымліваць актывістаў «Краіны для жыцьця» і незалежных назіральнікаў. 7 жніўня былі затрыманыя блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка Юлія Ўласенка. Пасьля складаньня пратаколаў іх абедзьвюх да 10 жніўня зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Жанчыны перасталі выходзіць на сувязь пасьля абеду 7 жніўня. Каля 14.00 Юлія Ўласенка пасьпела напісаць у тэлеграм-чаце, што яе затрымліваюць за правапарушэньне паводле арт. 23.34 КаАП. Толькі ўвечары муж Юліі Сяргей змог дазваніцца да аддзяленьня ўнутраных спраў Віцебскага раёну, дзе яму паведамілі, што ягоную жонку зьмясьцілі да суду ў ІЧУ.

Юлію вінавацяць у тым, што яна ў сацсетках нібыта апублікавала пост з заклікам арганізавана схадзіць 7 жніўня на футбольны матч "Віцебск" - "Іслач" .

Блогерку Алену Янушкоўскую, маці Юліі Ўласенкі, затрымалі ў гэты ж дзень на выбарчым участку ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, дзе яна знаходзілася ў якасьці незалежнага назіральніка і адкуль вяла «стрым». Міліцыю выклікала старшыня камісіі Ярошкіна.

«Мяне забіралі брутальна. Аж пяць чалавек, дзьве машыны, на бусе везьлі», – пасьпела паведаміць Янушкоўская з РАУСу. У аддзяленьні міліцыі на яе склалі адразу некалькі пратаколаў - за «хуліганку» і за парушэньне правілаў дарожнага руху.

Пасьля 19.00 Алена Янушкоўская перастала выходзіць на сувязь.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.