Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 03 Жнівень 2020

Нары замест назіраньня: Уладзімера Кійко кінулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімер Кійко Уладзімер Кійко

У панядзелак 3 жніўня быў затрыманы віцебскі актывіст Уладзімер Кійко. Яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) адбываць арышт, які яму прысудзілі яшчэ 7 ліпеня за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці». Пра затрыманьне паведаміў брат Уладзімера Яраслаў, зь якім яны меліся сёньня зарэгістравацца назіральнікамі на выбарах.

«Мы дамовіліся з братам сустрэцца днём і разам пайсьці на выбарчы ўчастак, які месьціцца ў СШ №3, каб зарэгістравацца назіральнікамі. Але ён не прыйшоў і на званкі не адказваў. Толькі ўвечары мне паведамілі ў РАУС, куды я нарэшце дазваніўся, што Ўладзімер ужо знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня», – расказаў Яраслаў Кійко.

Нагадаем, Уладзімер Кійко быў затрыманы 6 ліпеня, правёў суткі да суду ў ІЧУ і на наступны дзень быў пакараны судом Кастрычніцкага раёну Віцебску на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Але пакараньне не адбыў: у той жа дзень, 7 ліпеня, быў вызвалены зь ізалятару без тлумачэньняў прычын. Ягоную скаргу на пастанову райсуду Віцебскі абласны суд не задаволіў.

Уладзімер Кійко застанецца за кратамі ізалятару да 12 жніўня.

Некалькі дзён таму ў Наваполацку і Воршы былі затрыманыя актывісты Андрэй Зуеў, Артур Сінега, Аляксандар Андрэеў і Генадзь Ларыёнаў. Іх таксама зьмясьцілі ў мясцовыя ізалятары адбываць «адкладзеныя» арышты. Паводле жонкі Андрэя Зуева, яго перавезьлі ў віцебскі ІЧУ. Усе чацьвёра актывістаў былі пакараныя раней адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.