Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Кастрычнік 2019

“Можам і абасцаць цябе…” Полацкі блогер Geibal расказаў, як яго катавалі ў міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)
Блогер Раман Ляўкоўскі Блогер Раман Ляўкоўскі

Блогер Раман Ляўкоўскі (Geibal) апублікаваў відэаролік, у якім расказвае, як яго катавалі ў полацкай міліцыі. Загадалі разьдзецца да майткоў, душылі, пагражалі ўжыць дручок, “засунуць фалас” і г.д. Усё дзеля таго, каб хлопец разблякаваў тэлефон, зь якога міліцыянты выдалілі некаторыя відэаролікі.

19-гадовы блогер Geibal распавёў, што сам выклікаў міліцыю пасьля таго, як на ягоную просьбу яму ня далі ў адной з полацкіх крамаў кнігу скаргаў і прапановаў. Паводле хлопца, прыехалі чамусьці супрацоўнікі крымінальнага вышуку, забралі яго і адвезьлі ў Полацкі РАУС.     

“Прывезьлі ў аддзяленьне міліцыі, забралі тэлефон і асабістыя рэчы і павялі на трэці паверх. Завялі ў кабінэт, дзе знаходзіліся тры чалавекі. Калі я зайшоў, то зачынілі дзьверы на ключ. Загадалі: “Здымай куртку!” Я зьняў куртку, яны праверылі кішэні. Потым адзін з супрацоўнікаў шпурнуў яе на падлогу, а калі  я запытаў, навошта гэтак рабіць, адказаў: “Я цяпер наогул вазьму і буду мыць ёю падлогу”, – расказвае Раман Ляўкоўскі.

“Потым загадалі разьдзявацца цалкам, пасьля чаго адзін зь іх, самы здаровы, узяў рукой мяне за шыю, паклаў на стол і душыў сэкундаў 5, потым кінуў мяне на падлогу, стаў каленам на грудзі, адначасова душыў. Я зразумеў, што затыхаюся, цела абмякла, і ён мяне адпусьціў… Пасьля таго, як я падняўся, той жа самы дастаў з шафы дубінку і запытаў: “Ты ведаеш, як яна ходзіць па целе?” – працягвае.  

“Мы можам наогул абасцаць цябе і зьняць гэта на тэлефон, бо ты ўсё роўна нікому не раскажаш”. Пагражалі “адвезьці да “пітухоў”, засунуць фалас…” – сьцьвярджае блогер.

Паводле ягоных словаў, міліцыянты запатрабавалі разблякаваць тэлефон, а потым выдалілі з тэлефону некаторыя відэазапісы.

"Калі хтосьці даведаецца пра ўсё гэта, мы завязём цябе ў лес…” – паабяцалі супрацоўнікі РАУС. Блогер называе прозьвішча аднаго з міліцыянтаў - Аляксандра Лапаціна.  

Раман Ляўкоўскі паведаміў “Віцебскай Вясьне”, што ніякіх пратаколаў у аддзяленьні міліцыі не складалася. Кажа, што на наступны дзень ён зьвярнуўся з заявамі ў пракуратуру і сьледчы камітэт. Пабоі не здымаў, бо сьлядоў катаваньня на целе не засталося.

Зьміцер Міраш  

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.