Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Люты 2019

“На калені! Рукі за сьпіну!” Чаму зьневажаньне прыраўноўваецца да катаваньняў

Ацаніць гэты матэрыял
(14 галасоў)

Маральныя пакуты, якія прычыняюць супрацоўнікі сілавых структур, нічым ня лепшыя за фізычныя катаваньні. Праваабарончы цэнтар “Вясна” прадстаўляе чарговы матэрыял ў межах мультымэдыйнага праекту #БезПраваНаРасправу.

Канвэнцыя супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньнях абавязала кожную дзяржаву прадухіляць акты жорсткага, бесчалавечнага або зьневажальнага абыходжаньня і пакараньня, якія не падпадаюць пад вызначэньне “катаваньні”, калі такія акты зьдзяйсьняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці, альбо зь іх падбухторваньня ці зь іх ведама альбо маўклівай згоды.

У прыватнасьці, абавязкі, якія зьмяшчаюцца ў канкрэтных артыкулах Канвэнцыі, прымяняюцца з заменай згадак пра катаваньні згадкамі пра іншыя формы жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня і пакараньня або абыходжаньня, якое зьневажае чалавечую годнасьць.

Часта чуем пра нейкія ўчынкі і дзеяньні прадстаўнікоў дзяржавы, у тым ліку МУС, якія, быццам бы, наўпрост і не зьвязаныя зь відавочнымі проціпраўнымі паводзінамі, напрыклад – беспадстаўным зьбіцьцём затрыманых і г.д., але якія таксама прычыняюць пакуты, у тым ліку – маральныя. Трапіўшы ў такія сытуацыі, адчуваем  сябе зганенымі і ўтаптанымі ў бруд, адчуваем крыўду і ганьбу. Так не павінна быць.

Грамадзянскі актывіст Зьміцер Паліенка быў затрыманы ў сябе дома. А ў РУУС яго адвозілі ў міліцэйскім аўтобусе ў паставе стоячы на каленях.

“У мікрааўтобусе мяне груба паставілі на калені, загадаўшы трымаць рукі за сьпіной. Падчас чаканьня моцна зацякалі ногі, а калі я спрабаваў трохі паварушыцца, мяне адразу ж штурхалі ў галаву кулаком. Хвілін сорак аўтамабіль стаяў каля дома, увесь гэты час мяне трымалі на каленях, – успамінае Зьміцер.

Паліенка: Зьдзекуючыся зь мяне такім чынам, яны, быццам, хацелі паказаць сваю маральную перавагу

Ранкам 21 студзеня ў кватэру Зьмітра Паліенкі ўварваліся каля 10 людзей – супрацоўнікаў крымінальнага вышуку Заводзкага раёну Менску. Некаторыя былі ў масках, некаторыя – з аўтаматамі. Перад гэтым яны пагражалі выбіць дзьверы, калі ім адразу не адчыняць.

Першыя словы былі: “Усім ляжаць, тварам на падлогу!”

Калі Зьміцер папрасіў паказаць дакумэнты, адзін зь іх паказаў ордэр на ператрус. І адразу ж прагучала каманда хутка апранацца. Яны ўвесь час падганялі і прысьпешвалі Паліенку.

“Двое чалавек у масках сталі выводзіць мяне з кватэры, адзін быў з аўтаматам. Ён прыгаворваў: “Ня рыпайся, а то пасадзім на бутэльку і справім табе патрэбу на галаву”, –  успамінае Зьміцер.

Пасьля гэтага Паліенку завялі ў мікрааўтобус Volkswagen серабрыстага колеру без нумарных знакаў.

“Мяне груба паставілі на калені, загадаўшы трымаць рукі за сьпіной. Падчас чаканьня моцна зацякалі ногі, а калі я спрабаваў трохі паварушыцца, мяне адразу ж штурхалі ў галаву кулаком. Хвілін 40 аўтамабіль стаяў каля дома, і ўвесь гэты час мяне трымалі на каленях.

Потым у аўтобус прывялі Насту Гусеву.

Паліенку і Гусеву павезьлі ў ГАМ (гарадзкі аддзел міліцыі). Там у Зьмітра забралі асабістыя рэчы, рэмень, шнуркі з абутку. Затым затрыманых даставілі ў раённае ўпраўленьне Сьледчага камітэту.

“У СК нас трымалі каля 4 гадзін у калідоры ў паставе “нерухома, тварам да сьцяны”. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія суправаджалі нас, працягвалі ўсяляк зьдзекавацца. “Вы – анархісты, паедзеце ў калёнію, у “петушатню”, –  казалі яны. – Мне зрабілася кепска, быў прастуджаны, таму прасіў выклікаць хуткую ці хаця б даць таблеткі ад галаўнога болю. Яны толькі сьмяяліся і казалі: “Пішы яўку з павіннай. Мы за гэта табе дадзім два каралеўскія фалафэлі і адпусьцім дамоў”.

Пасьля допыту ў сьледчага Насту Гусеву і Зьмітра Паліенку павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Паколькі Зьміцер пакутуе на бранхіяльную астму і ў яго ў любы момант можа здарыцца прыступ, ён прасіў даць яму інгалятар ці  прывезьці яго з хаты. Але на просьбы ніхто не зьвяртаў увагі. Хаця ў ІЧУ Паліенку адмовіліся прымаць, бо без інгалятара гэтага рабіць нельга.

У адказ супрацоўнікі крымінальнага вышуку адвезьлі затрыманага ў РУУС, дзе ён правёў ноч, зразумела, без інгалятара. І толькі на раніцу яны знайшлі недзе інгалятар і зноў адвезьлі ў ІЧУ.

“Зьдзекуючыся зь мяне такім чынам, яны, быццам, хацелі паказаць сваю маральную перавагу”, – лічыць Зьміцер Паліенка.

Скавалі кайданкамі ў ланцуг...

Маладыя апазыцыйныя палітыкі Ганна Сьмілевіч і Дзяніс Мандзік дастаўляліся ў суд па адміністрацыйнай справе скаванымі кайданкамі.

Дзяніс Мандзік

Пры канваяваньні затрыманых актывістаў іх змацавалі кайданкамі паміж сабой у ланцуг, аб’ядналі зь іншымі адміністрацыйна затрыманымі і ў такім выглядзе этапавалі спачатку з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у РУУС, а потым – з РУУС у суд Цэнтральнага раёну. На просьбу Дзяніса Мандзіка аслабіць кайданкі – адказвалі адмовай.

Актывіст упэўнены, што ніякіх дзеяньняў, якія маглі быць падставай для прымяненьня да іх спэцсродкаў, ні ён, ні іншыя затрыманыя не зьдзяйсьнялі.

Ганна Сьмілевіч

Расказвае Ганна Сьмілевіч:

“Увечары з Цэнтральнага РУУС нас адвезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Там супрацоўнікі абыходзіліся з намі вельмі жорстка. Мяне больш за ўсё ўразіла зьневажальная працэдура агляду, калі цябе разьдзяваюць дагала. Яшчэ прымушалі трымаць рукі за сьпіной і крычалі, калі гэтага ня робіш”.

"Адчуваў моцную зьнявагу і сорам..."

Грамадзкаму актывісту Леаніду Кулакову ня далі магчымасьці скарыстацца прыбіральняй і прапанавалі замест гэтага плястыкавую бутэльку.

У сакавіку 2017 году Леаніда Кулакова затрымалі падчас сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі і да суду зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна. Раніцай 27 сакавіка частку затрыманых адканваявалі ў суд Савецкага раёну. Разгляд адміністрацыйных спраў расьцягнуўся на цэлы дзень, і толькі а 18-й гадзіне тых, каго суд пакараў арыштамі, прывезьлі назад у ЦІП. Але з аўтазака зь нейкіх прычын некаторы час не выпускалі.

Леанід Кулакоў

Атрымалася, што доўгі час у Леаніда Кулакова не было аніякай магчымасьці скарыстацца прыбіральняй. Зразумела, што ў мужчыны зьявілася пільная неабходнасьць справіць малую патрэбу.

“Я стаў прасіць канваіраў, каб мне дазволілі схадзіць у прыбіральню. Але, нягледзячы на ​​настойлівыя просьбы, яны некалькі разоў адмовілі і нават папярэдзілі, што калі я спраўлю патрэбу ў “стакане” аўтазаку, то яны вытруць лужыну маім целам”, – распавядае актывіст”.

“Урэшце канвойныя прапанавалі вызваліць плястыкавую бутэльку з-пад вады і справіць натуральную патрэбу ў яе. У мяне не было іншага выйсьця, як на вачах у супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку дзьвюх жанчын, а таксама іншых арыштаваных зрабіць гэта ў вельмі нязручных умовах. Я адчуваў моцную зьнявагу і сорам”, – кажа Кулакоў.

На дзеяньні, ці хутчэй – бязьдзейства, супрацоўнікаў сталічнай міліцыі, актывіст падаў скаргу на імя начальніка ГУУС Менгарвыканкаму.

"Тут вам не мэдычная ўстанова!"

Насту Гусеву, якую падазравалі ў нанясеньні на сьцяну надпісу “Мянты забіваюць людзей” падверглі зьневажальнаму абыходжаньню ў аддзяленьні міліцыі.

Анастасія Гусева

Суткі бязь ежы і вады, адсутнасьць мэдычнай дапамогі і магчымасьці схадзіць у прыбіральню, а таксама зьдзекі, абразы і пагрозы – усё гэта давялося перажыць Анастасіі Гусевай, падазраванай па справе аб графіці, падчас свайго трохсутачнага затрыманьня.

Супрацоўніцы мэдчасткі ізалятара часовага ўтрыманьня Анастасія тлумачыла, што ёй вельмі кепска, што яна больш ня можа сябе стрымліваць і, калі яе не адвядуць у туалет, то можа здарыцца непрыгожая сытуацыя. На што супрацоўніца адказала: “Тут не мэдычная ўстанова, і я вам нічым дапамагчы не магу”.

І яна, і супрацоўнік ІЧУ адмовіліся адвесьці дзяўчыну ў туалет.

“Тады я сказала супрацоўніку, што, у такім выпадку, званітую яму прама на чаравікі. Ён раззлаваўся і ў грубай форме пачаў крычаць: “Ну давай, давай”, – прыгадвае Наста.

Як рэагаваць на зьневажальнае абыходжаньне

І як адрозьніць зьневажальнае абыходжаньне ад мераў бясьпекі?

Адказ просты – у паняцьце “катаваньні” не ўключаюцца боль альбо пакуты, якія ўзьнікаюць адно ў выніку законных санкцый, неаддзельныя ад гэтых санкцый ці выклікаюцца імі выпадкова: напрыклад, супрацоўнік міліцыі пры відавочнай пагрозе жыцьця грамадзян стрэліў у чалавека, які на іх нападае, і прычыніў яму боль і пакуты; падазраванага ў цяжкім злачынстве затрыманага чалавека ў кайданках паклалі на зямлю для забесьпячэньня бясьпекі да прыезду падмогі.

Іншая справа, калі Зьмітра Паліенку, падазраванага ў зьдзяйсьненьні злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, затрымліваюць дзевяць супрацоўнікаў міліцыі, а потым ён вымушаны стаяць на каленях пры дастаўленьні ў РУУС. Гэта ніяк не было абгрунтавана меркаваньнямі бясьпекі і не зьвязана са спыненьнем супрацьпраўных паводзін Паліенкі,  і гэта прыніжала ягоную чалавечую годнасьць і, апроч фізычных пакут, прыносіла пакуты маральныя.

Такое зьневажальнае абыходжаньне трэба спыняць, а вінаватыя ў гэтым службовыя асобы мусяць панесьці прадугледжаную законам адказнасьць.

Узор заявы на ўзбуджэньне крымінальнай справы па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, якое зьневажае чалавечую годнасьць.

#БезПраваНаРасправу