Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Жнівень 2017

Гэта было не ў прытоне: СК паведаміў падрабязнасьці затрыманьня ў Віцебску «сьвятара-сутэнёра»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сьледчы камітэт раскрыў падрабязнасьці затрыманьня ў Віцебску праваслаўнага сьвятара аднаго з храмаў Ленінградзкай вобласьці (Расея). Паводле інфармацыі СК сьвятара затрымалі на аўтавакзале, а не ў прытоне.

«Віцебскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да грамадзяніна Расеі паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 14, часткі 2 артыкулу 171 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (замах на арганізацыю і выкарыстаньне занятку прастытуцыяй iншай асобай, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы асобы для заняцьця прастытуцыяй)».

Падставай для распачынаньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы, якія паступілі ад супрацоўнікаў па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі органаў унутраных справаў Віцебску.

Выяўлена, што жыхар Ленінградзкай вобласьці, 1978 г.н., знаходзячыся на тэрыторыі гораду Віцебску, шляхам угавораў і абяцаньняў спрабаваў арганізаваць вываз у горад Санкт-Пецярбург для занятку прастытуцыяй дзьвюх жыхарак Віцебску. Давесьці свой намер да канца ён ня змог, бо 3 жніўня пасьля 17-й гадзіны быў затрыманы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Падазраванага разам з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі затрымалі ў раёне аўтавакзалу ў Віцебску ў момант пасадкі ў аўтобус, які накіроўваўся ў Санкт-Пецярбург.

Сьледчыя ладзяць першапачатковыя сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на высьвятленьне абставінаў інцыдэнту. Падазраваны дапытаны. Сьледчыя будуць хадайнічаць пра прымяненьне да яго меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, гаворыцца ў інфармацыі СК.

Раней, 5 жніўня, выданьне 47news паведаміла, што ў Віцебску падчас штурму прытону з прастытуткамі быў затрыманы сьвятар зь Ленінградзкай вобласьці Расеі. Ад'яжджаючы са свайго храму 2 жніўня, ён распавёў, што зьбіраецца наведаць манастыр у Падмаскоўі. Сваёй жонцы айцец Мікалай (Кірэеў) нічога не паведаміў, і тая празь некалькі дзён зьвярнулася ў паліцыю.

nn.by