Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Май 2017

Затрыманы праваабаронца Павал Левінаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца, прадстаўнік РПГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” па Віцебскай вобласьці Павал Левінаў быў затрыманы ў вёсцы Нярэйша Сеньненскага раёну ў доме брата Андрэя. Здарэньне адбылося ўвечары ў пятніцу, 5 траўня.

Як патлумачылі прадстаўнікі праваахоўных органаў, затрыманьне ўчыненае на загад вышэйшага начальства з мэтай зьмяшчэньня праваабаронцы ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласьці для адбыцьця адміністрацыйнага арышту.

Спадар Левінаў патэлефанаваў калегам і паведаміў, што пры арышце да яго не ўжываліся спэцсродкі ці сілавыя прыёмы. Падчас затрыманьня ён не аказваў супраціву супрацоўнікам міліцыі. Стан пры гэтым у яго пагоршыўся, па ўсіх прыкметах падвысіўся ціск. Апроч таго, на 10 траўня лекары прызначылі Левінаву шпіталізацыю, а на наступны дзень павінна быць праведзеная тэрміновая хірургічная апэрацыя.

У цяперашні час праваабаронца знаходзіцца ў г. п. Багушэўск, дзе на яго складаецца пратакол затрыманьня, і па прыбыцьці міліцыі зь Віцебску ён будзе дастаўлены ў абласны цэнтар для адбыцьця пакараньня.

Як паведаміў Левінаў па тэлефоне, ён просіць міжнародную праваабарончую супольнасьць аказаць ціск на беларускія ўлады, а беларускіх праваабаронцаў - прызнаць яго палітычным вязьнем на тэрмін знаходжаньня ў ІЧУ.

Нагадаем, 17 красавіка судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская прызначыла Паўлу Левінаву пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак нібыта за ўдзел у не дазволеных ўладамі масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна, бо Левінаў у той час знаходзіўся ў шпіталі за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэньне райсуду посьпеху не прынесла: надоечы Віцебскі абласны суд пакінуў гэтае рашэньне ў сіле.

Лявон Яфрэменка