Друкаваць гэтую старонку
Серада, 08 Студзень 2014

У Гарадку затрымалі актывіста партыі БНФ Леаніда Аўтухова

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Аўтухоў Леанід Аўтухоў

У Гарадоцкім РАУС Леаніду Аўтухову паказалі ліст за подпісам “Ананім”, дзе гаварылася, што ён рыхтуе ў райцэнтры акцыю пратэсту. Кіраўніка арганізацыі партыі БНФ па Віцебскай вобласьці пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны – пакуль ня зьехала абласное начальства, якое прыяжджала сустракацца зь незадаволенымі мясцовымі прадпрымальнікамі.

Непасрэдна зь візытам прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкаму Леанід Аўтухоў і зьвязвае сваё затрыманьне: “У нас тут вострая праблема – зачынілі рынак у цэнтры Гарадка, а прадпрымальнікаў выганяюць на стадыён каля тэхнікуму, дзе толькі лужы і бруд. Няма там ані электрычнасьці, ані вады, ані нават плоту. Таму яны ня хочуць туды перабірацца і працаваць па калена ў брудзе. 8 студзеня прадпрымальнікі занесьлі чарговую скаргу ў райвыканкам, бо з пачатку месяца яны ўсе – каля 80 чалавек – фактычна беспрацоўныя. Я размаўляў зь імі каля райвыканкаму. Але яны мне казалі, што ня хочуць, каб да іх праблем прымешвалі нейкую палітыку. І нават прасілі мяне сысьці. Я і сышоў. Але ўжо сёньня, 9 студзеня, паехаў на машыне сустракаць журналістаў, якія зацікавіліся праблемай з рынкам і прадпрымальнікамі. У дарозе мяне спынілі, прычын не патлумачылі, а ўжо ў міліцыі паказалі ліст ад нейкага “Ананіма”.

Хто яго напісаў, Леанід Аўтухоў ня ведае. Але ня можа выключаць, што да гэтага нейкае дачыненьне маглі мець і самі міліцыянты, бо 9 студзеня ў Гарадку чакалі прадстаўнікоў аблвыканкаму. І супрацоўнікам РАУС не хацелася дадатковых праблем, працягвае спадар Аўтухоў:

“Мяне цалкам беспадстаўна трымалі ў міліцыі, каб узяць тлумачэньні пра тое, што напісана ў нейкай ананімцы! “Ананімкі” паводле закону наогул не разглядаюцца. І я страціў час і не дапамог людзям, якія разьлічывалі, што я правяду іх па незнаёмым горадзе. Мяне апытвалі паводле артыкулу 23.34 наконт правядзеньня несанкцыянаванай акцыі. Але ж ніякіх акцыяў не было, і нават за намеры ў нас не судзяць. Хаця, як высьветлілася, тлумачэньні бяруць. А ўсё з-за таго, што ў Гарадку складаецца дужа нэрвовая сытуацыя, зьвязаная з правядзеньнем у нас “Дажынак -2014″.

Менавіта з-за “Дажынак” і адбыўся канфлікт на рынку. Прадпрымальнікам было заяўлена, што рынак мае непрэзэнтабельны выгляд, і што на ягоным месцы будзе збудаваны новы гандлёвы цэнтар. Аднак ужо стала вядома, што гандлёвы цэнтар будаваць ня будуць – на гэта няма грошай. Толькі і прадпрымальнікам вярнуцца на рынак у цэнтры Гарадка не дазваляюць – загадваюць пераяжджаць на стадыён. Але толькі да вясны. Бо і там пачнецца рэканструкцыя да “Дажынак”.

Праз падрыхтоўку да гэтага сьвяткаваньня ўсе жыхары сталі закладнікамі грашовай праблемы: мясцовыя ўлады наабяцалі шмат, але на выкананьне задумак бракуе грошай. У Гарадку нават не адзначылі юбілей раёну ў сьнежні мінулага году – бо на цэнтральнай плошчы ідзе рэканструкцыя, завяршыць якую бракуе сродкаў.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”