Друкаваць гэтую старонку
Серада, 12 Студзень 2022

«Было сумна і непераканаўча». Як прапагандуюць за ўдзел у рэферэндуме

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Мяркуючы па актыўнасці прадстаўнікоў "уладнай вертыкалі" і дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці, намечаны на канец лютага рэферэндум па зменах у Канстытуцыю ўсё ж адбудзецца. Вынік рэферэндуму будзе залежыць ад даверу грамадзян да інстытуту галасавання і якасці агітацыі і прапаганды.

За няпоўныя два тыдні новага году чыноўнікі, ідэолагі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзяржаўныя агітатары і прапагандысты з мясцовых СМІ наведалі дзясяткі прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай пераканаць ці нават навязаць людзям разуменне неабходнасці зменаў Асноўнага закону краіны. Яны малююць цудоўную будучыню, якая наступіць адразу ж пасля таго, як гэтыя змены будуць прынятыя на рэферэндуме.

«Цяпер, пасля выбараў у 2020 годзе кіраўніка дзяржавы, на якіх былі сфальсіфікаваныя вынікі галасавання, у людзей няма даверу да прадстаўнікоў цяперашняга палітычнага класу. Таму "абалваніць" выбаршчыкаў агрэсіўнай агітацыяй і прапагандай будзе вельмі складана», - лічаць віцебскія праваабаронцы.

Неабходна адзначыць, што асаблівую актыўнасць праяўляе старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Наконт рэферэндуму і зменаў у Канстытуцыі ён сустракаўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў штодзень. Так, пасля сустрэчы Цярэнцьева 11 студзеня з педагагічным актывам Першамайскага раёну Віцебску адна з удзельніц выказала меркаванне аб тым, як прайшло мерапрыемства.

«Было сумна і непераканаўча. У мяне склалася ўражанне, што Уладзімір Уладзіміравіч так экспрэсіўна агітуе за прыняцце зменаў, бо ўпэўнены, што гэтыя змены паўплываюць на яго асабістую кар'ерную перспектыву і прынясе яму матэрыяльную выгаду. Я ж, просты настаўнік, ад змены Канстытуцыі нічога добрага не атрымаю і на галасаванне не пайду», - падзяліўся сваім меркаваннем адзін з педагогаў. 

Павел Жукаў