Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 11 Чэрвень 2020

Левінаў папрасіў Ярмошыну напісаць заяву на Лукашэнку ў Сьледчы камітэт

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Павал Левінаў. Калаж: facebook.com Павал Левінаў. Калаж: facebook.com

Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся да старшыні ЦК па выбарах Лідзіі Ярмошынай з просьбай адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцтва. На падставе таго, што прэтэндэнт у кандыдаты Лукашэнка выказвае пагрозы жыцьцю простых выбарцаў, папрасіў таксама Ярмошыну паскардзіцца на яго ў Сьледчы камітэт. Ярмошына даслала ліст у адказ.

Зварот да Ярмошынай Павал Левінаў накіраваў як просты выбарца. Ён згадаў, як старшыня ЦК па выбарах паведаміла, што зьвярнулася ў сьледчы камітэт з нагоды разьмяшчэньня ў пунктах збору подпісаў плякатаў са словамі «баршчаварка» і «прыхлопнуць», якія быццам нясуць пагрозу ейнаму жыцьцю.

Далей Левінаў цытуе словы прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі, які падчас прызначэньня ўраду заявіў: «Забыліся, як былы прэзыдэнт Карымаў у Андыжане падпаліў путч, расстраляўшы тысячы чалавек?..»

«Гэта што, па-вашаму, не пагроза жыцьця выбарцаў? Ці вы дбаеце толькі аб сваім жыцьці», – запытаўся Левінаў у Ярмошынай.

Левінаў цытуе і словы Лукашэнкі пра тое, што «краіны яны не атрымаюць».

«А што, Беларусь ужо прыватызаваная адным чалавекам?» – абураецца праваабаронца і нагадвае Ярмошынай, што адзінай крыніцай улады паводле Канстытуцыі ёсьць ані прэзыдэнт, ані ўрад, ані парлямэнт – толькі народ.

У сувязі з выказанымі пагрозамі жыцьцям выбарцаў з боку прэтэндэнта Лукашэнкі Павал Левінаў папрасіў Ярмошыну зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт. А таксама – адмовіць яму ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцтва.

Лідзія Ярмошына адказала праз тры дні.

«На Ваш зварот паведамляю, што мая заява ў Сьледчы камітэт зьвязаная ня толькі з вуснымі пагрозамі, але і падрыхтоўкай іх рэалізацыі. Разьясьняю, што санкцыі артыкулу 191 Крымінальнага кодэксу распаўсюджваюцца толькі на асобаў, якія перашкаджалі працы арганізацыі выбараў і працы выбарчых камісій. Менавіта праверку з гэтай нагоды я і прасіла ажыцьцявіць», – адказала Ямошына.

«Наконт выступу Прэзыдэнта РБ Лукашэнкі А.Р. падчас нарады тлумачу, што парушэньняў выбарчага заканадаўства, якія б перашкаджалі ягонай рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, ня ўгледжваецца», – піша старшыня Цэнтральнага камітэту Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.