Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 18 Лістапад 2019

Прыйшлі і прагаласавалі 86%! Вы верыце?..

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Падлік галасоў на ўчастку №4 (ВА №19) Падлік галасоў на ўчастку №4 (ВА №19)

Паводле вынікаў, якія былі агучаныя 17 лістапада 2019 года старшынёй Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 Сьвятланай Міхальчанка, на выбарчыя ўчасткі акругі прыйшлі і прагаласавалі 54 тыс. 736 чалавек. Гэта складае 86% ад колькасьці ўсіх выбаршчыкаў (63 тыс. 643) у акрузе. Фантастычная лічба нават для Беларусі!

Пра сытуацыю з галасаваньнем на 4-м выбарчым участку акругі №19 расказаў назіральнік Леанід Сьвецік.

Паводле афіцыйных лічбаў, на гэтым участку з 787 выбаршчыкаў прагаласавала 679 чалавек. Яўка склала 86,3%. Па вэрсіі УВК, пераважная большасьць выбаршчыкаў аддала свае галасы кандыдатцы Сьвятлане Горваль – 518 галасоў (або 76%!).

«На мой погляд і з вышыні свайго досьведу назіраньня, дадзеная лічба супярэчыць усім статыстычным законам матэматыкі, чалавечай псыхалёгіі і здароваму сэнсу», – кажа назіральнік Леанід Сьвецік.

Расказвае, што для фатаграфаваньня старшыня камісіі вылучыў месца на адлегласьці аж 15 мэтраў ад месца падліку галасоў.

«Фармальна ён меў рацыю, але па сутнасьці – гэта вычварны зьдзек. Фактычна гэта было ня месца для фотаздымкаў, а рэзэрвацыя, адмыслова падрыхтаваная для «прынцыпу адкрытасьці і галоснасьці», які мусіў бы спадарожнічаць сапраўды дэмакратычнаму волевыяўленьню выбаршчыкаў!» – заўважае назіральнік.

«На гэтым участку я назіраю ўжо чацьвёртыя выбары запар. І магу канстатаваць, што якасьць працы выбарчай камісіі ад выбараў да выбараў усё больш аддаляецца ад патрабаваньняў дзейнага выбарчага заканадаўства. І гэта яшчэ больш пераконвае мяне, што верыць вынікам галасаваньня, якія агучваюцца ў канцы падліку галасоў на гэтым участку, нельга», – падсумаваў Леанід Сьвецік.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.