Друкаваць гэтую старонку
Субота, 16 Лістапад 2019

Стаць дэпутатам за драбязу: колькі хто патраціў грошай на агітацыю

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Агульны бюджэт 19 кандыдатаў у дэпутаты, якія балятуюцца ў Віцебску, склаў 5100 рублёў. Гэта значыць у сярэднім па 270 рублёў на кожнага прэтэндэнта на месца ў парлямэнце. Але гэта – у сярэднім...

«Рэкардсмэнам» сярод віцебскіх прэтэндэнтаў сесьці ў дэпутацкае крэсла стала кандыдатка па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Тацяна Аўтухова. Яна выдаткавала на выраб агітацыйных матэрыялаў са сваёй зарплаты (працуе дырэктаркай СШ №45) суму, роўную 1331 рублю.

Са свайго даходу рэктар ВДУ Аляксей Ягораў (кандыдат па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №20) выдаткаваў на сваё прасоўваньне ў парлямэнт 575 рублёў.

Трэці вынік у Сьвятланы Горваль – фаварыткі выбарчай гонкі па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19: 491,10 рублёў.

За сьціплую суму ў 68 рублёў спрабуе агітаваць за сваю пэрсону кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 дырэктар ТАА «Таганскі» Юры Ягоранкаў.

Ня ўразіла ў гэтым сэнсе і віцебская прыхільніца «рускага сьвету» кандыдатка ў Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Эльвіра Мірсалімава. На выраб пляката і агітацыйных улётак яна выдаткавала 141 рубель.

Пакуль яшчэ дзейны кіраўнік гарвыканкаму Віктар Нікалайкін (кандыдат па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17) уклаўся ў сваю агітацыю «сярэдненька». Бо сума 395,04 рублі, якая была выдаткаваная на выраб дробнай партыі плякатаў, – гэта хутчэй прытрымліваньне выбарчым традыцыям, а не паўнавартасны агітацыйны рэсурс.

Фантастычная яўка на датэрміновае галасаваньне

Яўка на датэрміновае галасаваньне неверагодна вялікая. А заканамернасьць такая: чым мізарней кандыдаты агітуюць, тым больш выбарцаў імкнуцца прагаласаваць датэрмінова.

За ўвесь час датэрміновага галасаваньня на ўчастку №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 прагаласавала 307 выбаршчыкаў з 787 усіх зарэгістраваных на гэтым участку, што складае 40%.

И яшчэ адзін сьцяг дагары нагамі: участак №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19

Невядома, якімі агітацыйнымі пернікамі заваблівалі выбарцаў сябры ўчастковай выбарчай камісіі №51 Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 на чале з Ияй Кучко. Але падчас датэрміновага галасаваньня на гэтым участку з 1729 выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова 820 (!), а гэта аж 47%.

Такіх прыкладаў, калі за час «датэрміноўкі» прагаласавалі 40 і больш адсоткаў выбарцаў, толькі ў межах Віцебску можна прывесьці дзясяткі.

Леанід Сьвецік, назіральнік

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.