Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Лістапад 2019

Датэрміновае галасаваньне, дзень трэці: жвавасьць БРСМ і сходы ў школах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сёлетнія выбары ў парлямэнт прыкметныя гарачай актыўнасьцю, якую праяўляюць дзяржаўныя грамадзкія арганізацыі – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі…

Прагаласуй і атрымай гадзіннік

У дні датэрміновага галасаваньня Віцебская абласная арганізацыя БРСМ абвясьціла фотаконкурс «#Галасую».

Выбарцаў заклікаюць публікаваць здымкі на сваёй старонцы «Вконтакте» або ў Instagram і суправаджаць фатаграфіі хэштэгамі #яголосую, #Мывместе, #Мыидем, #брсмво, адзначаючы ў публікацыі афіцыйны акаўнт Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Мэта акцыі відавочная – завабіць моладзь ў выбарчую кампанію. Пераможцу абяцаюць смарт-гадзіннік.

Па ўчастках для галасаваньня разьмеркавалі ўжо і БРСМаўцаў-валянтэраў. Навошта яны патрэбныя і чым будуць займацца, пакуль не зразумела ані назіральнікам, ані сябрам участковых камісій. Магчыма, валянтэрскія брыгады «абкатваюцца» для маючых адбыцца ў 2020 годзе прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму па зьмяненьні Канстытуцыі.

Прафсаюзы зрабілі справаздачу

Дэманструюць выдатную актыўнасьць і прафсаюзы. Для праверкі жвавасьці прафарганізацый 11 лістапада Віцебскую вобласьць наведаў намесьнік старшыні фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Мікша.

Падчас знаходжаньня ў Віцебску прафбоса быў праведзены навучальны сэмінар для назіральнікаў ад гэтай арганізацыі ў выбарчых камісіях Віцебшчыны.

Мясцовыя кіраўнікі «рабочага руху» даклалі «кантралёрам», што ў склад абласной, акруговых, участковых выбарчых камісій увайшоў 1621 прадстаўнік прафсаюзаў.

Тэрміновае датэрміновае галасаваньне

На ўчастку для галасаваньня №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 за тры дні датэрміновага галасаваньня з 787 выбарцаў, занесеных у сьпісы для галасаваньня, «прагаласавалі» 226 чалавек. А гэта аж 30%!

Камісія працуе так, што робіць грубыя памылкі пры афармленьні ў «Пратаколе аб датэрміновым галасаваньні». Гэтак, у дакумэнце, дзе адлюстраваныя вынікі галасаваньня за 2019/11/13, адсутнічала дата.

Пратакол без указаньня даты складаньня на ўчастку №4

«Я паказаў на адсутнасьць даты ў пратаколе, якую тут жа сумеснымі намаганьнямі выправілі старшыня камісіі Уладзімер Ленчыкаў і сакратарка Юлія Казлова», – расказаў пра інцыдэнт назіральнік Леанід Сьвецік.

«Мяккая сіла» ў школах

14 лістапада ў тэрміновым парадку дырэкцыя віцебскай СШ №2 арганізавала сходы для бацькоў малодшых клясаў.

«Гэта вядома ня грубы «загон», як практыкуецца ў дачыненьні студэнтаў, а «мяккая сіла» адміністрацыйнай вынаходлівасьці. Натуральна ж: прыйшлі бацькі на сход – заадно і прагаласавалі», – пракамэнтаваў сытуацыю назіральнік.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.