Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 28 Кастрычнік 2019

У Віцебску правялі пікет з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У цэнтры Віцебску 27 кастрычніка прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязьняў і ўсіх нявінна асуджаных грамадзян. Яна адбылася ў межах агітацыйнага перадвыбарчага пікету кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Арцымана. Падобныя пікеты ладзіліся адначасна ў іншых гарадах Беларусі – у Менску, Горадні, Маладэчне, Гомлі, Берасьці...

Арганізатары пікету ў Віцебску – актывісты партыі “Народная Грамада”, мелі на мэце праявіць салідарнасьць з беларускімі палітвязьнямі. На стэндах былі разьмешчаныя фотаздымкі Сьвятаслава Барановіча, Ільлі Валавіка, Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, іншых зьняволеных. У тым ліку – актывіста “Народнай Грамады” Сяргея Спарыша, які быў затрыманы ў Менску 18 кастрычніка падчас суду над Зьмітром Паліенкам і асуджаны на 15 сутак арышту.

Пікеты сталі часткай перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Арцымана, які балятуецца па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51.

Пікет наведаў сябра абласнога выбаркаму Павал Левінаў

За паўгадзіны да пачатку акцыі ў Віцебску побач зь месцам правядзеньня (каля піраміды ГЦ “Марка-сіці”) былі заўважаныя чацьвёра мужчын у цывільным, якія вялі відэаздымкі і аб чымсьці перагаворваліся па тэлефоне. Знаходзіліся непадалёк ад пікету аж да самага яго заканчэньня ў 17.00.

Віцябляне падыходзілі да стэндаў, разглядалі фотаздымкі. Адзін зь мінакоў прызнаўся, што асабіста ведае Міхаіла Жамчужнага.

“Так, ведаю. Міхаіл Жамчужны выкладаў у мяне, калі я вучыўся ў тэхналягічным унівэрсытэце. Добры быў выкладчык. Я, калі прачытаў у інтэрнэце, што яго пасадзілі, не паверыў. Зрабілі зь яго ледзь не шпіёна! Трызьненьне нейкае!..” – абураўся малады чалавек.

Прысутнічаў на пікеце і віцебскі праваабаронца, сябра абласной выбарчай камісіі Павал Левінаў.

Ён заявіў, што ў яго, як сябра абласной камісіі, няма ніякіх прэтэнзій да агітацыйнай акцыі. Зазначыў, што ўсё праходзіць у рамках дзейнага заканадаўства. Выбарчы кодэкс дазваляе праводзіць агітацыйныя пікеты ня толькі на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат, а па ўсёй Беларусі. Ніякіх абмежаваньняў на гэты конт няма.

Найбольшую цікавасьць у мінакоў выклікалі плякаты з надпісамі “Лукашэнка павінен сысьці!” і “Пакуль ты спаў, Лука Радзіму прадаў!”. Людзі падыходзілі і з усьмешкай на твары фатаграфаваліся на фоне плякатаў.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.