Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 03 Кастрычнік 2019

“Жывем як у турме…” Пэнсіянэр зладзіў пікет пад сьценамі віцебскага СІЗА - відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Уладзімер Мацкевіч пікетуе каля СІЗА Уладзімер Мацкевіч пікетуе каля СІЗА

Віцебскі пэнсіянэр і патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Уладзімер Мацкевіч зладзіў перадвыбарчы пікет пад сьценамі віцебскага сьледчага ізалятару. На думку Мацкевіча, уся нашая краіна ператварылася ў адну вялікую турму, а ўсе грамадзяне – у яе вязьняў. “Дык дзе ж яшчэ зьбіраць подпісы, калі не пад сьценамі вязьніцы?” – кажа пікетоўца.

Уладзімер Мацкевіч – самавылучэнец па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. Паводле ягоных слоў, у яго даўняе і прынцыповае супрацьстаяньне зь мясцовымі чыноўнікамі, міліцэйскімі начальнікамі і кіраўніцтвам Чыгуначнага раёну. Цягам многіх гадоў Мацкевіч змагаецца за свае правы.

Зарэгістраваўшыся ў якасьці патэнцыйнага кандыдата, мужчына хоча ня толькі казаць людзям аб надзённых праблемах, але і “напружыць па поўнай праграме” мясцовых чыноўнікаў.

Пэнсіянэр ходзіць зьбіраць подпісы і па кватэрах віцяблян. Расказвае, што гараджане вельмі запалоханыя і баяцца ставіць подпісы за чалавека, які адкрыта выступае супраць уладаў. Кажа, што найбольш запалоханыя мужчыны: баяцца адкрыта выказваць свае меркаваньні, каб ня страціць працу.

На думку Уладзімера, ва ўмовах адсутнасьці свабоды слова, рэальных грамадзянскіх правоў і дэмакратычных інстытутаў у нашай краіне, турма насамрэч стала тым сымбалем, які найбольш выразна характарызуе гэтыя выбары.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.