Друкаваць гэтую старонку
Серада, 18 Верасень 2019

Назіральнік: выбарчая кампанія ў Віцебску ідзе па сцэнары Ярмошынай

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

12 верасьня скончыўся этап падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Чатыры акруговыя выбарчыя камісіі, якія разьмешчаныя ў межах Віцебску, зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў грамадзян.

Нагадаем: каб прэтэндэнт на атрыманьне дэпутацкага мандату быў зарэгістраваны, ён мусіць сабраць як мінімум 1000 подпісаў.

 

Хто гэтыя людзі, што прагнуць улады?

Паводле зьвестак камісіяў, гэта пэнсіянэры, дырэктары камэрцыйных і дзяржпрадпрыемстваў, рэктар ВНУ, гарадзкі чыноўнік, індывідуальны прадпрымальнік, рабочы, а таксама – беспрацоўныя.

Восем магчымых кандыдатаў – прадстаўнікі апазыцыйных партый. Астатнія 11 прэтэндэнтаў не залічваюць сябе ні да адной з 15 зарэгістраваных у краіне палітычных партый.

Адзначым, што збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў ідзе млява. Пакуль што прадстаўнікі ініцыятыўных групаў, за рэдкім выключэньнем, ня ладзяць пікетаў па зборы подпісаў. І гэта зьдзіўляе, бо пікеты даюць магчымасьць пазнаёміць выбаршчыкаў зь біяграфіяй будучага кандыдата, ягонай палітычнай арыентацыяй і г.д.

Акруговыя камісіі ўзгаднілі з раённымі адміністрацыямі гораду месцы разьмяшчэньня больш за 150 участковых выбарчых камісій. Але ў незалежных назіральнікаў узьнікла пытаньне аб абсталяваньні будынкаў безбар’ернай інфраструктурай, каб людзі з інваліднасьцю маглі самастойна наведваць выбарчыя ўчасткі для галасаваньня. У акруговых камісіях паабяцалі, што гэтае пытаньне будзе вырашана “па меры магчымасьці” на кожным канкрэтным участку.

 

Колькі будуць каштаваць выбары на Віцебшчыне

Да пачатку верасьня абласныя выканаўчыя органы ўлады вырашылі і пытаньне фінансаваньня выбарчай кампаніі. Для гэтых мэтаў былі вылучаныя неабходныя грашовыя сродкі.

На ўсю вобласьць выдаткавалі крыху больш за 290 тыс. рублёў.

На забесьпячэньне працы кожнай акруговай выбарчай камісіі даецца па 20 тыс. 600 рублёў. А праца Віцебскай абласной выбарчай камісіі, уключаючы выдаткі на тэхнічныя патрэбы кампаніі, абыдзецца бюджэту ў суму каля 33 тыс. рублёў.

 

Назіральнік: Ярмошына не зважае на парушэньні

Як мяркуе праваабаронца Леанід Сьвецік, зарэгістраваны назіральнікам у двух акруговых выбарчых камісіях (№№ 19 і 20), пачатак бягучай кампаніі мала чым адрозьніваецца ад выбараў мінулых гадоў. Сьвецік назірае за падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў ужо 11-ты раз. Ён заўважае, што прадказальнасьць мэтадаў і відавочнасьць іх вынікаў пры правядзеньні ўладамі выбараў выявіліся ўжо падчас фармаваньня Віцебскай абласной і 14 акруговых выбарчых камісій ды падчас рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

Тым ня менш, былі зафіксаваныя і дакумэнтальна пацьверджаныя грубыя парушэньні дзейнага выбарчага заканадаўства на АВК №19. Гэтак, з парушэньнямі была зарэгістраваная ініцыятыўная група Вольгі Каравашкінай. І хоць парушэньні патрабаваньняў закону былі відавочныя для сябраў камісіі, яны прагаласавалі за рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Каравашкінай.

З гэтай нагоды праваабаронца зьвярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію і атрымаў адказ. ЦВК паведамляе, што “акруговая выбарчая камісія, усебакова вывучыўшы прадстаўленыя Каравашкіной дакумэнты, палічыла, што дапушчаныя недахопы тэхнічнага характару ў афармленьні ёй сьпісу сябраў ініцыятыўнай групы ня могуць быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі групы”.  

Гэта, на думку праваабаронцы, ня робіць гонару заслужанаму юрысту краіны Л.М. Ярмошынай, якая не зважае на відавочныя парушэньні выбарчага закону сябрамі АВК №19.

 

Стрым і відэа – пад забаронай

Таксама Леаніду Сьвеціку не дазволілі рабіць аўдыёзапіс, фота- і відэаздымкі, а таксама стрым-трансьляцыі паседжаньняў акруговых камісій, што ёсьць парушэньнем арт.13 Выбарчага кодэксу РБ.

“Старшыня акруговай выбарчай камісіі №19 Сьвятлана Міхальчанка і старшыня АВК №20 Мікалай Канявалаў не дазволілі мне, у інтарэсах выбаршчыкаў, весьці анлайн-трансьляцыю паседжаньняў камісій. Незразумела, што яны хаваюць ад грамадзян, але падобныя паводзіны кіраўнікоў камісій выклікаюць сумненьні, што ў гэтых акругах выбары ў парлямэнт пройдуць адкрыта і галосна, як таго патрабуюць міжнародныя стандарты”, – выказаў меркаваньне незалежны назіральнік.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.