Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Верасень 2019

У Полацку пікетоўцаў праганяюць з цэнтру гораду пры дапамозе пад’ёмнага крану

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
На месца пікетаваньня прехаў пад'ёмны кран На месца пікетаваньня прехаў пад'ёмны кран

У Полацку на месца, дзе ладзіўся перадвыбарчы пікет, мясцовыя ўлады прыгналі пад’ёмны кран і пачалі раптам ламаць амаль новыя мачты вулічнага асьвятленьня. Зборшчыкі подпісаў мяркуюць, што ўсё рабілася знарок – каб сарваць пікет апазыцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты.

Самавылучэнец Анатоль Пракапенка вырашыў зладзіць пікет па зборы подпісаў каля полацкага ўнівэрмагу на вуліцы Гогаля – у самым цэнтры гораду. Але ўлады зрабілі яму сюрпрыз.

Пікет пачаўся недзе а 10-й гадзіне 12 верасьня. Гэта зручны час, бо многія гараджане ідуць на рынак, разьмешчаны побач з унівэрмагам. Мінакі з цікаўнасьцю глядзяць на зборшчыкаў подпісаў, некаторыя падпісваюцца.

Перадвыбарчы пікет каля полацкага ўнівэрмагу

Але ж праз паўтары гадзіны да ўнівэрмагу пад’ехаў пад’ёмны кран, іншая будаўнічая тэхніка, зьявілася брыгада рабочых. Людзі ў спэцоўках абгарадзілі бела-чырвонай стужкай ходнікі якраз каля месца збору подпісаў і нікога зь мінакоў не прапускалі. Прасілі гараджан перайсьці на другі бок вуліцы альбо абысьці ўнівэрмаг зь іншага боку.

А для большай пераканаўчасьці пачалі пры дапамозе крана дэмантаваць на пешаходным пераходзе асьвятляльную мачту, якая выглядала цалкам спраўнай і прыдатнай.

“Спачатку да мяне падышоў чалавек, назваўся супрацоўнікам выканкаму і загадаў нам сысьці з гэтага месца. Мы спыталі, зь якой нагоды мы мусім сыходзіць. Ён зьбянтэжыўся, ветліва папрасіў прабачэньня ды пайшоў. А праз гадзіну прыехала будаўнічая тэхніка…” – падзяліўся падрабязнасьцямі Яўген Вільскі, які зьбіраў подпісы на пікеце.

Зборшчыкі подпісаў вымушаныя былі ў выніку згарнуць пікет. За паўтары гадзіны яны пасьпелі сабраць 16 подпісаў. Такімі дзеяньнямі гарадзкіх уладаў асабліва не пераймаюцца і абяцаюць неўзабаве вярнуцца на тое ж самае месца.  

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.