Друкаваць гэтую старонку
Серада, 04 Верасень 2019

Стрэльчанка: Іду на выбары, бо не хачу, каб мае сыны служылі ў расейскім войску

Ацаніць гэты матэрыял
(21 галасоў)
Натальля Стрэльчанка Натальля Стрэльчанка

Вядомая ў райцэнтры Дуброўна на Віцебшчыне апазыцыйная актывіста Натальля Стрэльчанка абвясьціла аб намеры ўдзельнічаць у будучых парлямэнцкіх выбарах у якасьці магчымага кандыдата. Для гэтага ёй неабходна сабраць за 1000 подпісаў.

Ужо на пачатку верасьня яна плянуе зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу ў мясцовай акруговай камісіі. Яна магла б і не зьбіраць подпісы, а вылучыцца ад партыі, але 12 жніўня Натальля напісала заяву аб выхадзе з АГП і зараз ідзе на выбары як самавылучэнец (ад “Народнай Грамады” Статкевіча).

Натальля распавяла “Віцебскай вясьне” пра тое, чаму вырашыла ўдзельнічаць у гэтай кампаніі і якая зараз палітычная абстаноўка на Дуровеншчыне.

Галоўнай прычынай, чаму я вырашыла ўдзельнічаць у выбарах, ёсьць пагроза страты незалежнасьці Беларусі. Я маці, у мяне растуць два сыны, і я катэгарычна супраць, каб іх прызывалі служыць у расейскае войска, каб яны ўдзельнічалі ў чарговай вайне, якую захоча разьвязаць Расея. Удзел у выбарах дасьць мне магчымасьць заклікаць беларусаў выказваць сваю незадаволенасьць.

– Якія зараз настроі ў людзей?

Настроі розныя. Тыя, хто ўладкаваў жыцьцё бліжэй да ўлады, сваім становішчам цалкам задаволеныя. А астатнія – выжываюць хто як можа. Хтосьці едзе на заробкі ў суседнія краіны, хтосьці – у больш буйныя гарады Беларусі.

– У якім стане знаходзяцца апазыцыйныя партыі і грамадзкія арганізацыі ў Дуброўне?

Апазыцыйныя партыі тут зьявіліся параўнальна нядаўна, калі быць дакладней у 2015 годзе, і знаходзяцца на стадыі разьвіцьця.

– А як да іх ставіцца мясцовая ўлада?

Зьяўленьне апазыцыі ў Дуброўне выклікала ў мясцовых уладаў варожыя настроі, якія пачалі праяўляцца ў розных рэпрэсіўных захадах. А цяпер, як мяркую, каб не прыцягваць лішняй увагі і каб не было вялікага водгуку на рэпрэсіі, улада зьмяніла тактыку.

– Ці на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах незалежныя кандыдаты былі ў Дуброўне?

– Так, у 2016 году ад Абʼяднанай Грамадзянскай партыі па нашай акрузе ўдзельнічаў кандыдатам у дэпутаты Аляксандар Турак.

– Усё ж такі чаму вы прынялі рашэньне выйсьці з АГП?

– Я выйшла з партыі ў сувязі са стратай даверу да кіраўніцтва Аршанскай гарадзкой арганізацыі, паміж намі ўзьніклі істотныя рознагалосьсі.

 

Гутарыў Уладзімер Бяляўскі