Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 30 Жнівень 2019

Выбары на Віцебшчыне: кампанія пачалася з пасіўнасьці партый і насельніцтва

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Прайшло ўжо два тыдні, як стартавала кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага скліканьня. Аднак у Віцебску не назіраецца заўважнай актывізацыі суб'ектаў выбарчага працэсу.

Самымі актыўнымі ў гэтай справе можна назваць улады, якія ўключылі для забесьпячэньня выбарчага працэсу арганізацыйныя рэсурсы.

На сайтах органаў выканаўчай улады зьявіліся адмысловыя разьдзелы для інфармаваньня грамадзян аб ходзе выбарчай кампаніі. Дзяржаўныя СМІ зладжана перанялі прыклад сваіх заснавальнікаў – інфармацыйна падтрымліваюць электаральную кампанію.

Прыкладам, сайт гарадзкой дзяржгазэты “Віцьбічы” ужо апублікаваў тузін матэрыялаў, прысьвечаных выбарам дэпутатаў-“палатнікаў”. Аднак, калі меркаваць па колькасьці праглядаў гэтых артыкулаў (ад 50 да 500), можна прыйсьці да высновы, што жыхары Віцебску мала цікавяцца будучымі выбарамі.

Зробленыя ўладамі захады для інфармаваньня выбаршчыкаў праз вулічную плякатную агітацыю малаэфэктыўныя, бо плякатаў мала і яны невялікага фармату.

Выбарчы плякат на прыпынку грамадзкага транспарту ў Віцебску

Палітычныя партыі, якія, здавалася б, мусілі праяўляць максымальную актыўнасьць, бо зацікаўленыя ў рэалізацыі сваіх праграм і лідэрскіх амбіцый, праяўляюць да цяперашняй кампаніі практычна нулявую цікавасьць. У СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах адсутнічаюць крэатыўныя акцыі і гучныя заявы, якія б прыцягвалі ўвагу патэнцыйных выбаршчыкаў.

Чаму зьмярцьвела палітычнае жыцьцё

“Надзвычай млявая!..” – так ацаніў пачатак выбарчай кампаніі праваабаронца і пастаянны незалежны назіральнік за выбарамі Леанід Сьвецік.

“Гэта ўжо шостыя выбары ў парлямэнт, за якімі я назіраю. І гэтыя выбары, у адрозьненьні ад усіх папярэдніх, пачаліся з адсутнасьці якой-кольвечы цікавасьці да іх з боку палітычных партый і выбаршчыкаў.

Мяркую, што гэта вынік плянавай палітыкі дзяржавы ў адхіленьні палітычных партый і рухаў ад паўнавартаснай палітычнай дзейнасьці. Рэпрэсіі ў дачыненьні да партыйных актывістаў, адсутнасьць у партыйных лідэраў доступу да дзяржаўных СМІ, адсячэньне магчымасьцяў фінансавацца за кошт мясцовых бізнэс-структур – вось асноўныя прычыны зьмярцьвеньня палітычнага жыцьця на Віцебшчыне”, – гэтак праваабаронца ахарактарызаваў жаласную сытуацыю ў палітычным сэктары рэгіёну.

Млявы старт выбарчай кампаніі можна патлумачыць сэзонам летніх адпачынкаў і падрыхтоўкі да навучальнага году. Але лета ўжо амаль скончылася, таму застаецца надзея, што ў верасьні пабачым ажыўленьне.

Апроч таго, станоўчую дынаміку кампанія па выбарах можа атрымаць пасьля ўтварэньня 1 верасьня Віцебскай абласной выбарчай камісіі, а ў межах вобласьці – 14-ці акруговых камісій.

Лявон Яфрэменка