Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 12 Люты 2018

Кандыдат Вадзім Кузьмін заклікаў кідаць у выбарчыя скрыні і свае квіткі аб заробках: “Дзе мае 500 даляраў?”…

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Кандыдат у дэпутаты ад левай партыі “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін заклікае выбарцаў кідаць у выбарчыя скрыні разам зь бюлетэнямі рахункі за камунальныя паслугі з надпісам “Як мне жыць пасьля іх аплаты?” альбо свае квіткі па заробках з пытаньнем “Дзе мае 500 даляраў?”…

“Іду разбурыць элітны клюб чыноўнікаў”

У сваім відэазвароце да выбарцаў падпалкоўнік запасу Вадзім Кузьмін гаворыць: “Я іду, каб разбурыць гэты закрыты элітны клюб чыноўнікаў, князькоў і буржуяў, якія ператварылі Саветы дэпутатаў з органаў народаўладзьдзя ў сродак расьпілу бюджэту…”  

“Ад гэтай улады народ стогне. Яна зьнішчыла прамысловасьць, сельскую гаспадарку, мэдыцыну. Вынішчыла рабочы кляс. Разьвяла беспрацоўе, каб ты араў на трох працах за поліўку, абяцаючы пры гэтым 500 даляраў. Вы ж дарослыя людзі, няўжо верыце яшчэ ў гэтыя байкі?..” – зьвяртаецца кандыдат да сваіх выбарцаў.

Прапануе таксама апускаць разам з выбарчымі бюлетэнямі свае “жыроўкі” з надпісам “Як мне жыць пасьля іх аплаты?”, свае квіткі па заробках ды пэнсіях з пытаньнем “Дзе мае 500 даляраў?”, чэкі аб пакупцы лекаў: “Чаму вы забіваеце мяне?”, здымкі сваіх пустых лядоўняў: “Месца, дзе ўдушылася мыш”, фота працоўнага месца, дзе “до смерти четыре шага”.

“Думайце і апускайце ў скрыні ваш крык аб невыносным жыцьці пры гэтай уладзе”, – заклікае.

“Просіш пашпарт – дзьверы з грукатам зачыняюцца…”

Вайсковы пэнсіянэр і ліквідатар наступстваў чарнобыльскай катастрофы Вадзім Кузьмін ужо ня першы раз удзельнічае ў мясцовых выбарах. Сёлета балятуецца па Смаленскай выбарчай акрузе №7 (гарсавет) і Білеўскай акрузе №60 (аблсавет).

У размове зь “Віцебскай вясной” адзначае, што, у адрозьненьні ад папярэдніх кампаніяў, адчуў у настроях людзей яшчэ больш страху і безнадзейнасьці.

“З кожным годам страх узрастае. Ставім пікеты, просім: “Пастаў подпіс”. “Баюся!..” – у адказ. А калі пашпарт папросіш – гэта ўсё, аж рукі ў чалавека трасуцца. Не і не! Асноўная маса цалкам запалоханая. А пра настаўнікаў і казаць няма чаго. Я лічу, яны цалкам ляглі пад уладу”, – гаворыць Вадзім Кузьмін.

Вадзім Кузьмін кажа, што ў людзей  стала больш страху і безнадзейнасьці

“Зь іншага боку, народ стаў яшчэ больш усьведамляць бессэнсоўнасьць і безнадзейнасьць гэтай справы – выбараў. “А што вы зробіце?” – кажуць. Мясцовымі выбарамі дык наогул не цікавяцца. У лепшым выпадку – махнуць рукой і сыходзяць. Мы ўжо і па кватэрах адмовіліся хадзіць. Раней жа хадзілі, быў нейкі ўздым. А цяпер калі прыходзіш і кажаш слова “пашпарт” – дзьверы з грукатам зачыняюцца”, – распавядае кандыдат у мясцовыя дэпутаты.

“Народ цяпер пра выбары кажа: “Я не хадзіў і хадзіць ня буду!” Такіх, на мой погляд, больш за 30%. Праграмы нашыя нікога не цікавяць. Народ ніякіх улётак не чытае”, – сьцьвярджае Кузьмін

“Ім далі індульгенцыю: рабіце што заўгодна – вам нічога ня будзе”

Паводле слоў былога вайскоўца, ён неаднойчы прапаноўваў здымаць свае кандыдатуры ў апошнія дні перад галасаваньнем, але сам падпарадкоўваецца партыйнай дысцыпліне і ідзе да канца.

Выбары, на ягоны погляд, – гэта пэрыяд, калі магчыма зрабіць глыток сьвежага паветра, бо можна ладзіць пікеты і легітымна ўздымаць партыйныя сьцягі. У штодзённым жыцьці гэта пад забаронай. Летась апазыцыйным левым партыям не дазволілі годна адзначыць у Віцебску 100-годзьдзе кастрычніцкай рэвалюцыі. Але сёлета камуністы-апазыцыянэры гатовыя выйсьці ў адным шэрагу зь іншымі партыямі, каб адсьвяткаваць 100-годзьдзе БНР, запэўнівае наш суразмоўца.

Вадзім Кузьмін ідзе на мясцовыя выбары пад сьцягам левай партыі "Справядлівы сьвет"

“Пакуль што падчас выбарчай кампаніі ўлада і сілавікі асабліва не перашкаджаюць, але і з поля зроку нас не выпускаюць”, – гаворыць Вадзім Кузьмін. Выказвае асьцярогу, што “разбор палётаў” улада, як звычайна, пачне рабіць ужо пасьля выбараў. “Разбор палётаў” – гэта затрыманьне актывістаў, ператрусы, суды…

Заўважае, што за ўсе гэтыя гады ўлада “навучылася працаваць на выбарах”: “Калі раней фальсыфікацыі былі адкрытыя і мы лавілі проста за руку, то зараз робяць усё больш хітра і спрактыкавана. Калі раней яны неяк хваляваліся, а ў некаторых нават рукі трэсьліся, то цяпер усе спакойныя. Ім быццам далі індульгенцыю: рабіце што заўгодна – вам нічога ня будзе”, – мяркуе Вадзім Мікалаевіч.

“І самае крыўднае: гэта ж мы іх і навучылі…” – дадае.

Як прыклад такой “д’ябальскай спрактыкаванасьці” ўзгадвае інцыдэнт з апублікаваньнем у дзяржпрэсе цэнзураваных зьвестак зь ягонай біяграфіі падчас мінулых выбараў у мясцовыя саветы ў 2014 годзе.

Тым ня менш, Вадзім Кузьмін заяўляе зараз: “Зробім мясцовыя саветы народнымі, а ўмовы жыцьця людзей справядлівымі!”

Нагадаем, выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 28-га скліканьня адбудуцца 18 лютага 2018 году.

Зьміцер Міраш  

6 камэнтары