Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 11 Жнівень 2016

ЦВК ня стаў правяраць, ці выкарыстоўвае Чырвоны Крыж замежную дапамогу для фінансаваньня выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Віцебскі назіральнік за правядзеньнем выбараў у беларускі парлямэнт праваабаронца Леанід Сьвецік ня здолеў дамагчыся ад работнікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны праверкі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), а менавіта: ці выкарыстоўвае арганізацыя замежную фінансавую дапамогу, якую атрымлівае, для правядзеньня выбараў.

Падставы для сумневаў у законнасьці дзеяньняў БТЧК у праваабаронцы былі.

Па-першае, на сайце арганізацыі пералічваюцца міжнародныя донары і партнэры, якія аказвалі і працягваюць аказваць ёй фінансавую і арганізацыйна-мэтадычную дапамогу (напрыклад, згадваецца Міністэрства замежных спраў Даніі, урад Японіі, Эўракамісія і інш.).

Па-другое, што і адзначыў у сваім звароце ў ЦВК Леанід Сьвецік, паводле афіцыйнай інфармацыі, разам зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўвайшла вялікая колькасьць прадстаўнікоў БТЧК. Так, толькі па Віцебску такіх налічваецца больш за 200 асобаў.

Аднак у артыкуле 48 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь гаворыцца: «Непасрэдны ці ўскосны ўдзел замежных дзяржаў і арганізацыяў, міжнародных арганізацыяў, арганізацыяў з замежнымі інвэстыцыямі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў фінансаваньні і іншай матэрыяльнай дапамозе падчас падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, члена Савету Рэспублікі забараняецца».

Зыходзячы з усяго гэтага, праваабаронца зрабіў здагадку, што, атрымліваючы фінансавую і арганізацыйна-мэтадычную дапамогу ад замежных урадаў і міжнародных арганізацыяў, БТЧК знаходзіцца ў залежнасьці ад іх і праз сваіх прадстаўнікоў ва УВК можа аказваць уплыў на вынікі галасаваньня падчас падліку галасоў, каб дагадзіць сваім фундатарам. Больш таго, сярод сябраў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, што ўвайшлі ва УВК, ёсьць асобы, што атрымліваюць заробкі, у аснове якіх ляжаць грошы ўсё тых жа фундатараў.

Грошы, аргтэхніка і расходныя матэрыялы да яе, набытыя арганізацыяй за кошт замежнай дапамогі, – усё гэта, на думку Леаніда Сьвеціка, можна залічыць да ўскоснага ўдзелу замежных урадаў і міжнародных арганізацыяў у фінансаваньні выбараў дэпутатаў у ПП НС Рэспублікі Беларусь шостага скліканьня.

Грунтуючыся на такіх здагадках, назіральнік папрасіў ЦВК правесьці праверку магчымага выкарыстаньня беларускім Чырвоным Крыжам сродкаў замежнай дапамогі на ўскоснае фінансаваньне выбараў.

У адказе на зварот праваабаронцы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўшчэнт адкінула ўсе яго довады. Яна папракнула Леаніда Сьвеціка ў тым, што ён не прывёў канкрэтных фактаў, якія сьведчылі б пра выкарыстаньне БТЧК замежнай фінансавай дапамогі для падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.

«Аргтэхніка і расходныя матэрыялы, якія згадваюцца Вамі, выкарыстоўваюцца БТЧК у сваёй дзейнасьці, а не падчас правядзеньня выбараў», – вось такі адказ прыйшоў ад старшыні Цэнтарвыбаркаму, на думку якой зварот назіральніка зьяўляецца беспадстаўным.

Сам Леанід Сьвецік, камэнтуючы пазыцыю Лідзіі Ярмошынай, узяў пад сумненьне тое, што праверка наогул была праведзеная, бо пра яе ў сваім адказе старшыня ЦВК не паведаміла. А толькі праверка, лічыць праваабаронца, дазволіла б выключыць усе падставы падазраваць беларускі Чырвоны Крыж у выкарыстаньні замежнай фінансавай дапамогі ў межах выбарчай кампаніі.

«Паколькі праверка не праведзеная, то маюць права існаваць і падазрэньні, што праз гэтую грамадзкую арганізацыю замежнымі ўрадамі і міжнароднымі арганізацыямі зьдзяйсьняецца фінансаваньне падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў», – падкрэсьліў грамадзянскі актывіст.