Друкаваць гэтую старонку
Субота, 22 Люты 2014

Прадпрымальнікаў Воршы пераканалі не супрацоўнічаць зь незалежным сайтам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сайт orshatut.by існуе больш за тры гады. Апроч навін, на ім разьмяшчаюцца прыватныя аб’явы і рэкляма тавараў ды паслуг. Аднаму з рэклямадаўцаў параілі адмовіцца ад супрацоўніцтва. Гэта, на думку заснавальніка сайту, зьвязана з выбарчай кампаніяй.

Распавёў заснавальнік сайту Віктар Андрэеў: “Ды мяне зьвярнуўся чалавек і сказаў, што адмаўляецца ад рэкламы на сайце. Гэта было дзіўна, бо наша супрацоўніцтва доўжылася не адзін месяц. І чалавек патлумачыў, што яго папярэдзілі з КДБ, маўляў, сайт “не зусім той”, і каб не было непрыемнасьцяў, трэба прыбраць адтуль рэкляму. Ён, вядома, пагадзіўся. Але ў такой форме незадавальненьня дзейнасьцю сайта яшчэ ніхто не выказваў”.

З пэўнымі перашкодамі супрацоўнікам сайту даводзілася сутыкацца і раней: прыкладам, настаўніцу адной з аршанскіх школ упікалі за інтэрвію пра школьную мастацкую самадзейнасьць, альбо вучня-выпускніка запалохалі, што ён не паступіць у ВНУ, калі свой артыкул пра акцыю супраць паленьня разьмесьціць на гэтым рэсурсе, а не на сайце ГА БРСМ.

“Але каб у такой катэгарычнай форме ды са спасылкай на КДБ мне паведамлялі, што сайт нейкі шкодны ці небясьпечны, - такога яшчэ не было. Верагодна, гэта спроба ціску перад выбарамі, бо наш рэсурс незалежны, і адным з апошніх матэрыялаў было паведамленьне пра пікет кампаніі “Гавары праўду” ў Воршы. А магчыма, што проста камусьці не падабаецца, што мы зьмяшчаем крытычныя матэрыялы па гарадзкіх праблемах. Так ці інакш, але я хачу, каб нашы чытачы ведалі пра ціск на сайт, і таму я напісаў да іх адкрыты ліст”, - гаворыць Віктар Андрэеў.

У гэтым лісьце заснавальнік аршанскага сайту, у мінулым незалежны прафсаюзны актывіст, згадвае, што да незалежных СМІ ў Воршы здаўна ставяцца варожа. У 1990-я гады Віктар Андрэеў быў рэдактарам і выдаўцом газеты “Куцейна”, зь якой пачаліся праблемы пасьля крытычных артыкулаў пра тагачаснага старшыню гарвыканкаму. Урэшце газэце адмовілі ў рэгістрацыі, а пазьней не ўдалося зарэгістраваць нават часопіс пра камунальную гаспадарку.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"