Друкаваць гэтую старонку
Субота, 22 Люты 2014

Актывіст пабыў кандыдатам у дэпутаты толькі 4 гадзіны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Яраслаў Берніковіч Яраслаў Берніковіч Фота: Радыё Свабода

20 лютага ў 11 гадзін раённая выбарчая камісія ўручыла актывісту кампаніі “Гавары праўду” Яраславу Берніковічу пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты Глыбоцкага райсавету. А а 15-й гадзіне з камісіі патэлефанавалі з папярэджаньнем, што ягоную рэгістрацыю анулююць.

Кажа Яраслаў Берніковіч: “Прычына для мяне стала сюрпрызам: аказваецца, подпісы за маё вылучэньне былі сабраныя ня ў той вёсцы. У Глыбоцкім раёне, сказалі ў камісіі, ёсьць дзьве вёскі з аднолькавай назвай Гірстуны. Адна – у Карабоўскім сельсавеце, за пару кілямэтраў ад Высокага, дзе я жыву. Вёска Высокае – гэта таксама тая акруга, дзе я зьбіраўся балятавацца, і навакольныя вёскі туды ўваходзяць. Але ў камісіі кажуць, што гэта – ня тыя Гірстуны, і што подпісы я мусіў зьбіраць у Гірстунах Удзелаўскага сельсавету. Я нават ня ведаў, што там ёсьць такая вёска, бо яна даўно не існуе, там няма насельнікаў!”

Актывіст дэманструе раённую газэту “Веснік Глыбоччыны” са сьпісам акругаў і населенымі пунктамі, якія ў іх уваходзяць. У Вярхнянскай акрузе №22 ёсьць вёска Гірстуны, але без удакладненьня, да каторага сельсавету яна адносіцца.

“Гэта недарацоўка тых, хто рыхтуе выбары, хто дзеліць акругі. Калі ёсьць дзьве вёскі з аднолькавай назвай, трэба ж пазначаць канкрэтна, якая маецца на ўвазе! У той вёсцы, пра якую гаворыць камісія, людзей няма. Нават сама вёска ёсьць не на кожнай мапе. А там, дзе зьбіраліся подпісы, вёска жылая, мяне ведаюць. Аднак у выніку – 19 подпісаў прызнана несапраўднымі. Я падаваў у камісію 92 подпісы замест 75, каб быў запас. Але цяпер высьвятляецца, што мне ўжо двух подпісаў не хапае. Вось і падстава, каб не зарэгістраваць!”, - абураецца актывіст.

Дарэчы, Яраслаў Берніковіч зьбіраўся балятавацца і ў раённы і ў Віцебскі абласны саветы. Аднак і ў рэгістрацыі на кандыдата аблсавету яму было адмоўлена: на адным з падпісных аркушаў не было напісана слова “Глыбокае”, і ўвесь аркуш “забракавалі”, прызнаўшы ўсе подпісы на ім несапраўднымі.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”