Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Люты 2014

Жыхары Віцебску: Сябры выбарчых камісіяў нас ашукалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тацяна Севярынец, Алена Шабуня Тацяна Севярынец, Алена Шабуня

Жыхары Віцебску, што падпісаліся за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты актывістаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Тацьцяны Севярынец і Алены Шабуні, пацьвярджаюць сапраўднасьць сваіх подпісаў, якія ў выбарчай камісіі прызналі нібыта несапраўднымі, і кажуць, што прадстаўнікі выбарчых камісіяў іх ашукалі.

“Людзі былі вельмі абураныя тым, што іх падманулі. Яны такога не чакалі. Мы падаем скаргі з прыкладаньнем сьведчаньняў у пракуратуру і ЦВК”, - адзначыла Тацьцяна Севярынец.

Вось што кажуць выбаршчыкі, якія падпісаліся ў падтрымку Тацьцяны Севярынец:

“Падчас праверкі гарадзкой камісіяй сапраўднасьці даты і подпісу я не зусім зразумеў зьместу праверкі”.

“Падчас праверкі камісіі мяне дома не было, у дакумэнце камісіі подпіс я ня ставіла”.

“Пры праверцы гарадзкой камісіяй я дома адсутнічала, у іх дакумэнце за мяне расьпісаўся муж. Іх дакумэнту я ня бачыла і ня ведаю яго зьместу”.

“Падчас прыходу праверкі з гарадзкой камісіі я не зразумеў пастаноўкі пытаньня”.

А вось, пра што заяўляюць падпісанты ў падтрымку Алены Шабуні:

“Падчас праверкі я, шчыра кажучы, ня памятаў і не зразумеў, пра што ідзе гаворка. Мае словы пацьвярджаюць бацькі”.

“Падчас праверкі гарадзкой камісіяй сапраўднасьці майго подпісу і даты я дома адсутнічаў. Размаўляў зь сябрам камісіі па тэлефоне і ў іх дакумэнтах подпіс не ставіў. За мяне расьпісалася мама. Па тэлефоне я сказаў, што і дату, і подпіс за Шабуню А.А. я ставіў сам”.

“Падчас праверкі гарадзкой камісіі я пацьвердзіў гэты факт (што ўласнаручна ставіў подпіс і дату за Шабуню А.А. - рэд.) і падпісаўся, не чытаючы іх тэкст дакумэнту. Пра што глыбока шкадую, бо ня думаў, што сябры гарадзкой камісіі ўвядуць мяне ў зман”.

“Падчас праверкі гарадзкой камісіяй я адсутнічаў дома. З майго дазволу па тэлефоне подпіс у дакумэнце ставіў мой сын. Тэксту дакумэнту я ня бачыў, але думаў, што пацьвярджаю сваю дату і подпіс”.

Крыніца: Прэсавая служба БХД