Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 09 Сакавік 2014

Апазыцыйны кандыдат скардзіцца на працу выбарчых камісіяў (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», падпалкоўнік у адстаўцы Вадзім Кузьмін падвяргаецца дыскрымінацыі з боку Віцебскай гарадзкой і акруговай выбарчых камісіяў. Пра гэта заявіў сам кандыдат, які вылучаецца адначасова ў гарадзкі і абласны Саветы дэпутатаў.

Так, з агітацыйных улётак, адцэнзураваных Віцебскай гарадзкой камісіяй, зьніклі дадзеныя пра тое, што кандыдат Кузьмін зьяўляецца ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мае дзяржаўныя ўзнагароды – 3 ордэны і 5 мэдалёў.

Затое на ўлётках зьявіліся іншыя зьвесткі: тое, што ён мае судзімасьць. А газэта «Віцьбічы» з падачы камісіі пайшла яшчэ далей: на сваіх старонках яна паведаміла чытачам, паводле якога крымінальнага артыкулу ён быў асуджаны, «забыўшы» пазначыць пры гэтым, што судзімасьць даўно зьнятая.

Вадзім Кузьмін паспрабаваў разабрацца ў сытуацыі, чаму так здарылася. Ён прыйшоў на паседжаньне акруговай камісіі Білеўскай выбарчай акругі № 60 разам са сваёй даверанай асобай – юрыстам. Аднак старшыня камісіі Аляксандар Хрытаненка папросту выставіў апошняга за дзьверы, чым пазбавіў спадара Кузьміна юрыдычнай дапамогі.

«Я – сябра партыі «Справядлівы сьвет». Усе гэтыя дзеяньні – гэта ціск на мяне як на апазыцыйнага кандыдата, – лічыць Вадзім Кузьмін. – Калі б я ішоў ад нейкіх уладных структур, то да мяне ніякіх заўваг не было б».