Друкаваць гэтую старонку
Субота, 01 Чэрвень 2019

Каталікі прайшлі па Віцебску працэсіяй – каля 500 удзельнікаў (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Працэсія на вул. Чкалава ў Віцебску Працэсія на вул. Чкалава ў Віцебску

У суботу 1 чэрвеня каталіцкія сьвятары і вернікі прайшлі па гораду працэсіяй Божага Цела. У рэлігійным шэсьці, якое пачалося пасьля ўрачыстай імшы ў катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага, узяла ўдзел паўтысячы чалавек. Калёну суправаджалі міліцыянты і мэдыкі.

Пад рэлігійныя сьпевы, якім акампанаваў духавы аркестар, калёна прайшла ад катэдральнага касьцёлу на вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў да касьцёлу Сьвятога Духу на вул. Чкалава. Рух на адной з палос вуліцы Чкалава быў перакрыты. На час праходжаньня працэсіі перакрываўся і праспэкт Будаўнікоў.

У працэсіі ўдзельнічаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дзясяткі сьвятароў з розных каталіцкіх парафіяў Віцебскай дыяцэзіі, манашкі і звычайныя вернікі, у тым ліку грэка-каталікі. Дзеці пасыпалі шлях Божага Цела пялёсткамі ружаў, шыпшыны ды рамонкаў.

Падчас сьвяточнай імшы, якая папярэднічала шэсьцю, біскуп Алег Буткевіч сказаў, што “гэтая працэсія ёсьць сьведчаньнем нашай веры”.

Па словах прэсавага сакратара Віцебскай дыяцэзіі Віктара Місевіча, арганізатары працэсіі не аплочвалі паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў. Нагадаем, што міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч запэўніваў раней, што дзеяньне пастановы №49 “Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку аплаты паслугаў па ахове грамадзкага парадку…” не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

Зьміцер Міраш, фота аўтара