Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 09 Снежань 2018

Перадкаляднае: Біскуп Віцебскі сьпявае пад гітару песьню пра Марыю – відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(22 галасоў)
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

У Віцебскай абласной бібліятэцы 8 сьнежня прайшла традыцыйная перадкалядная вечарына “Ціхая ноч, Сьвятая ноч”. Як і летась, у імпрэзе браў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго Эксэленцыя зноў узяўся за гітару і атрымаў у выніку шмат гарачых аплядысмэнтаў.

Адкрываючы вечарыну, кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі зазначыў, што такія сустрэчы даюць магчымасьць кожнаму чалавеку, незалежна ад яго веравызнаньня, глыбей усьвядоміць сутнасьць гэтага вялікага сьвята – Божага Нараджэньня.      

“Гэта магчымасьць, каб мы паспрабавалі сёньня ў нашым з вамі жыцьці, штораз усё больш забеганым і запрацаваным, глыбей паглядзець на тую вялікую таямніцу, якую прапануе нам Бог. Побач з гэтым прыгожым навагоднім сьветам – убачыць яшчэ і тую вялікую духоўную цеплыню, вялікую глыбокую Божую любоў, якую ён прапануе нам у сваім Сыне”, – сказаў біскуп Віцебскі.

Калядныя песьні на вечарыне выканалі хор узорнай вакальнай студыі “Асоль” і хор парафіі Сьвятой Барбары “Гасанна”.

Выступае хор "Гасанна"

Чыталі вершы паэтка Людміла Сіманёнак, вернік парафіі Езуса Міласэрнага Уладзіслаў Каржанеўскі, верніца грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага Натальля Плешчанка ды іншыя. А самым юным артыстам быў 6-гадовы Сьцяпан Серабро.

Сёлета перадкалядная імпрэза ў абласной бібліятэцы прыпала на ўрачыстасьць Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Таму біскуп Віцебскі выбраў для выкананьня песьню, прысьвечаную Маці Божай – “Ты за сабою нас вядзі!”.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег Буткевіч прэзэнтаваў новы каляндар на 2019 год, прысьвечаны 20-годзьдзю Віцебскай дыяцэзіі (была ўтвораная 13 кастрычніка 1999 году). На задняй старонцы вокладкі разьмешанае гістарычнае фота касьцёлу Сьвятога Антонія ў Віцебску, надзею на аднаўленьне якога каталікі, паводле біскупа, не губляюць. Каляндар у якасьці падарунку атрымалі ўсе ўдзельнікі вечарыны.

Арганізатарам вечарыны “Ціхая ноч, Сьвятая ноч” былі Віцебская абласная бібліятэка і Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі. У якасьці вядоўцы выступіў вядомы беларускі пісьменьнік і наш зямляк Франц Сіўко.

Падчас імпрэзы

Выступае Сьцяпан Серабро

Верш чытае Уладзіслаў Каржанеўскі

Зьміцер Міраш, фота аўтара

Залагініцца каб дадаць камэнтары