Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Лістапад 2013

У Смалянах забіты сьвятар. У забойстве абвінавачваецца 22-гадовы мужчына

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
а. Аляксандар Марозаў а. Аляксандар Марозаў

У вёсцы Смаляны Аршанскага раёну ў ноч на 22 лістапада быў забіты мясцовы праваслаўны сьвятар, настаяцель царквы Праабражэньня Гасподня айцец Аляксандар Марозаў. Аршанскім міжраённым аддзелам Сьледчага камітэту распачатая і расьсьледуецца крымінальная справа па факце забойства сьвятара. Крымінальная справа распачатая на падставе ч. 1 арт. 139 (забойства) КК.

Як адзначыў Павал Каралёў, які быў асабіста знаёмы са сьвятаром, айцец Аляксандар вельмі моцна апекаваўся будынкам царквы, што была пабудаваная ў XVIII ст., і якая пры ім набыла належны выгляд. Ён таксама добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол царквы, збудаваў падземны храм. Сьвятар таксама быў адкрыты да розных прапаноў, удзельнічаў у правядзеньні мастацкага пленэру у Смалянах, дапамагаў валянтэрам, якія дасьледвалі гісторыю вёскі і былога каталіцкага кляштару дамініканаў. Дарэчы, менавіта яго заслуга, што кляштар ня быў цалкам зруйнаваны, бо ён першым паведаміў пра спробы ўладаў зьнішчыць мураваны помнік гісторыі і культуры XVII ст.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова, на першапачатковым этапе расьсьледаваньня выяўлена, што праваслаўны сьвятар незадоўга да трагічных падзеяў даў згоду двум маладым мужчынам у сувязі зь іх складаным матэрыяльным становішчам на часовае бязвыплатнае пражываньне ва ўласным доме. У ноч на 22 лістапада паміж загінулым і пастаяльцамі ўзьнік канфлікт, падчас якога Марозаву былі нанесеныя нажавыя раненьні, ад якіх сьвятар памёр.

Абодва мужчыны былі затрыманыя ў статусе падазроных па крымінальнай справе. Праз вывучэньне іх асобаў выяўлена, што падазроныя нідзе не працавалі і ня мелі пастаяннага месца жыхарства. Па крымінальнай справе праведзеныя ўсе неабходныя першапачатковыя сьледчыя дзеяньні. Прызначаны шэраг крыміналістычных экспэртыз. Акрамя таго, праведзеныя дасьледаваньні паказалі, што падазроныя знаходзіліся ў стане моцнага алькагольнага ап’яненьня.

Пазьней было паведамлена, што ў выніку правядзеньня допытаў і вочных ставак сьледзтва аднавіла аб’ектыўную карціну таго, што адбылося. Аднаму з затрыманых па крымінальнай справе прад’яўленае абвінавачанне. 22-гадоваму мужчыну інкрымінуецца забойства. Яму абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Другі затрыманы мужчына вызвалены ў сувязі з тым, што падазрэньні ў зьдзяйсьненьні ім злачынства не пацьвердзіліся.

Паводле Прэсавай службы БХД, “Нашай Нівы”, БелаПАН, Радыё Свабода